Больш прадукцыі – больш грошай
Вырошчваць цукровыя буракі выгадна. У 2012 годзе гаспадаркамі раёна было здадзена 157 тысяч 900 тон салодкіх каранёў у заліковай вазе, а ў пазамінулым – 124 тысячы 246 тон. Найбольш здаў СВК “Макараўцы” – 35 тысяч 240 тон. Цукрыстасць буракоў ва ўсіх сельгаскааператывах была вышэйшая за базісную. Плошчы пад гэтую выгадную і запатрабаваную культуру ў гэтым годзе ў раёне застануцца такімі ж, як і ў мінулым.
Праводзяцца даследаванні
Праверкі азімых збожжавых спецыялістамі Бераставіцкай раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін праводзяцца кожны год. Першая прайшла нядаўна, а другая запланавана на пачатак сакавіка. Студзеньскае даследаванне паказала, што зімуюць збожжавыя культуры добра, пашкоджанняў іх снежнай цвіллю няма. Гібелі раслін не выяўлена.
Пасля нядаўняй адлігі зноў выпаў снег. Зіма працягвае “сваволіць”. Як пераносяць азімыя такія “капрызы надвор’я”, пакажа чарговае даследаванне ў сакавіку.
Першае месца ў вобласці
Наш раён вызначаецца ў вобласці і рэспубліцы добрым развіццём жывёлагадоўлі. Укараненне новых тэхналогій і мадэрнізацыя ферм даюць свае трывалыя вынікі. Не стаў выключэннем і мінулы год. Па таварнасці малака (91 працэнт) наш раён заняў першае месца ў вобласці. Адна з самых высокіх у нас і тлустасць сыравіны – 3,74 працэнта.
Увага надаецца і якасці. За 2012 год гатункам “экстра” на Бераставіччыне здадзена 20,4 працэнта малака, вышэйшым – 63 працэнты.
Пахваліць за добрую работу можна працаўнікоў аграфірмы “Стары Дворац” і РУСП “Масаляны”. Набліжаным да “еўрапейскага” гатункам “экстра” яны ў мінулым годзе здалі адпаведна 84,6 і 73,2 працэнта сыравіны. Іншым гаспадаркам ёсць з каго браць прыклад і дзе пераймаць перадавы вопыт. А варта было б, бо адзін кілаграм сыравіны гатункам “экстра” здаецца па цане 3 тысячы 215 рублёў, у той час як вышэйшым гатункам – па 2 тысячы 770 рублёў і першым — па 2 тысячы 555 рублёў.
Ніна Наддэ