Навіны аграпрамысловага комплексу Бераставіччыны

Лента новостей

У лідарах – і раён, і малаказдатчыца
За 10 месяцаў гэтага года ў насельніцтва Бераставіцкага раёна закуплена 1602 тоны малака. У параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам рост склаў 105%. Ад адной умоўнай каровы здадзена 3708 кілаграмаў малака. У параўнанні з такім жа леташнім часам дасягнута 116% росту. Гэта лепшы паказчык па Гро-дзенскай вобласці.
А малаказдатчыца Валянціна Цівунчык, якая жыве на тэрыторыі Алекшыцкага сельсавета, здала больш за ўсіх на Гродзеншыне малака ад адной каровы – 7310 кілаграмаў. Яе працавітасць і важкі ўклад былі дастойна адзначаны ў горадзе Навагрудку на абласным мерапрыемстве, прысвечаным ушанаванню працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

Кансультаваў прафесар
Вучоба ветурачоў – гінеколагаў гаспадарак, прысвечаная праблемам, якія ствараюць гінекалагічныя захворванні кароў, адбылася 21 лістапада на базе СВК “Пархімаўцы” і малочнатаварнага комплекса “Канчаны”. Складалася яна з практычных і тэарэтычных заняткаў. Кансультаваў спецыялістаў і даў змястоўныя адказы на іх пытанні прафесар кафедры развядзення сельгасжывёлы Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Юрый Гарбуноў. Ён прадставіў новую і сучасную інфармацыю, сустрэча была вельмі карыснай.

Дзяржзаказ перавыкананы
Дзяржзаказ па здачы цукровых буракоў у гэтым годзе для нашага раёна быў 115 тысяч тон. Ён перавыкананы – здадзена 145 тысяч тон салодкіх каранёў. Ураджай ў гаспадарках убраны, а здадуць дзяржаве яшчэ прыкладна 13 тысяч тон. Цукрыстасць ва ўсіх сельгаскааператывах вышэй за базісную. А найбольш здалі буракоў у СВК “Макараўцы” – 32 тысячы 440 тон і ў СВК імя Варанецкага – 31 тысяча 948 тон.

Рыхтуюцца да агляду

Падрыхтоўка да штогадовага раённага агляду машынных двароў у сельгаскааператывах зараз ідзе добрымі тэмпамі. Зернеўборачныя і кормаўборачныя камбайны размешчаны ў закрытых боксах або пад навесамі.
У кожнай гаспадарцы пры ўездзе на машынны двор устаноўлены сучасныя паўаўтаматычныя шлагбаумы. Вядуцца журналы выезду і звароту тэхнікі ў гаражы.
У СВК імя Варанецкага і “Пархімаўцы” ў мехмайстэрнях укладзена новая бетонная падлога. На добраўпарадкаванне выдаткоўваюцца вялікія сродкі. З кожным годам паляпшаюцца ўмовы працы людзей.
У СВК імя Варанецкага заканчваецца добраўпарадкаванне пляцоўкі для разборкі старой тэхнікі і яе захавання. У мехмайстэрні заменены старыя вокны на сучасныя пластыкавыя. Куплены новыя шафы, устаноўлены дзве душавыя кабіны, ёсць пральныя машыны для спецадзення.
Шмат зроблена і ў СВК “Пархімаўцы”. Адрамантаваны і адноўлены дыспетчарская, кабінет па тэхніцы бяспекі. Значна палепшаны бытавыя ўмовы, ёсць душ і нават парылка.
Добра падрыхтавацца да агляду машынных двароў стараюцца ва ўсіх гаспадарках.
Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *