Гісторыя беларускай вайсковай славы непарыўна звязана з іменем і талентам вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча, які быў адным з уладальнікаў Вялікай Бераставіцы ў XVII ст. Змешчаная ў экспазіцыі музея Вавёркі рэпрадукцыя карціны Пітэра Снаерса “Бітва пад Кірхгольмам” напісаная ў 1630 годзе дапамагае ўявіць жорсткасць тагачасных войнаў. Каб выжыць у сутычках, воіны павінны былі мець надзейную ахову. Дэманструе гэта адзін з самых адметных экспанатаў музея – гусар-таварыш.
Усё абмундзіраванне на імпазантным гусары, які адразу прыцягвае погляды наведвальнікаў, было зроблена па замове музея Вавёркі з гродзенскімі майстрамі Максімам Ізобавым (шлем-шышак і кіраса) і Глебам Кеслерам (кальчуга). Дарэчы, Максім Ізобаў мае карані з Бераставіччыны, а кожнае лета ў дзяцінстве праводзіў у вёсцы Алекшыцы.
Кіраса – гэта элемент нацельнага рыштунку, які складаўся з грудной і спінной пласцін, выгнутых па форме корпуса чалавека. Такія даспехі рабіліся па індывідуальных памерах кожнага гусара і маглі важыць да 15 кг. У войску Рэчы Паспалітай кіраса стала абавязковай у часы каралявання Стэфана Баторыя ў канцы XVI ст. Максім Ізобаў, майстар-рэканструктар, распавядае: “Кіраса, што захоўваецца ў музеі, выкананая цалкам па тагачасных нормах і з выкарыстаннем традыцыйнай тэхнікі кавальства, толькі з сучаснага матэрыялу (пракатнай сталі) і з прымяненнем сучанага электраінстументу. У якасці непасрэднай крыніцы быў узяты гусарскі камплект з калекцыі арсенала аўстрыйскага Граца. Такі выгляд даспеха спецыялісты адносяць да стылю “аніма” і лічаць, што ён прыйшоў да нас першапачаткова з паўночнай Італіі. Найчасцей вырабляўся ў паўднёвай Германіі і Аўстрыі. Напрыклад, вядомая выява кардынала Рышэлье ў падобнай кірасе, паддзетай пад мантыю, і кірасы з клейнамі майстроў з Нюрнберга альбо Інсбрука. Такога выгляду даспехі са сталёвых пласцін былі распаўсюджаныя ў перыяд прыкладна 1580-1620 гг. і прызначаліся для кавалерыі, таму цалкам верагодна, што менавіта ў такіх камплектах гусары Рэчы Паспалітай прымалі ўдзел у Кірхольмскай бітве. Да гэтага часу іх выраб стаў масавым, таму рыштунак быў даволі высокай якасці і добра ахоўваў цела ад многіх відаў халоднай зброі. На жаль, немагчыма дакладна сказаць, ці вырабляліся такія латы на нашых землях, хутчэй за ўсё іх даводзілася імпарціраваць з-за мяжы”.
На манекене гусара ў экспазіцыі музея Вавёркі можна ўбачыць і стальны шлем-шышак ва ўсходнім стылі. Такія шлемы былі шырока распаўсюджаныя ў Рэчы Паспалітай з канца XVI ст. непасрэдна сярод гусараў кавалерыі. Лічыцца, што шышакі прыйшлі ў польскае войска менавіта з усходу (Іран, Турцыя). Па-іншаму такі від шлема называюць “ерыхонка”. Дарэчы, слова мае цікавае паходжанне. Па адной з версій, гэта скажонае ад слова “юргенскі”, ці “грузінскі”. Другая версія сцвярджае, што слова ўтварылася ад дзеяслова “ерыхоніцца” – то бок важнічаць, некаторыя лічаць, што назва паходзіць ад горада Іерыхон.
Характэрнай асаблівасцю шышака з’яўляюцца элементы для аховы вушэй, плоскі казырок і “нос” – вузкая жалезная паласа, якая абараняла твар ад папярэчных удараў і магла лапатападобна расшырацца да нізу, закрываючы такім чынам твар, а таксама пласцінчатыя дэталі для аховы патыліцы.
Такія шлемы добра абаранялі ад удараў рознай зброі, у прыватнасці шаблі, па галаве, асабліва зверху, але разам з тым забяспечвалі воіну добры агляд.
Неад’емным элементам абмундзіравання гусара была кальчуга – ахоўнае адзенне з жалезных кольцаў, прасунутых адно праз адно, у выглядзе кашулі з доўгімі рукавамі. Як і кіраса, яна выраблялася па індывіуальных памерах гусара. Кальчуга ў музеі, нягледзячы на тое, што з’яўляецца новадзелам, вытрымана ў аўтэнтычных стылі і тэхніцы, а кожнае кольца прашыта заклёпкамі.
Для найлепшага захоўвання і пазбягання іржы ўсіх элементаў абмундзіравання гусара выканана варненне. Гэта спецыяльны працэс, пасля якога выраб пакрываецца аксіднай плёнкай, якая надае яму дадатковы бляск і абарону ад карозіі.
Анастасія
Весялуха-Волкава,
старшы навуковы супрацоўнік
ДУК “Музей Вавёркі
ў Вялікай Бераставіцы”