Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Экалагічны буквар”, які дзейнічае пры дзіцячай бібліятэцы, з нецярпеннем чакалі мінулай пятніцы. Для вучняў 3 “А” класа Вялікабераставіцкай сярэдняй школы (класны кіраўнік Святлана Рыжова), якія наведваюць гурток, у гэты дзень распачаліся доўгачаканыя навагоднія святы. Па традыцыі бібліятэкары наладзілі для сваіх юных чытачоў ранішнік “Прыгоды каля навагодняй ёлкі” з казачнымі персанажамі, Дзедам Марозам і Снягуркай і, безумоўна ж, з падарункамі.
Разам са Снегавіком гурткоўцы складалі пасланне Снягурцы, адгадвалі загадкі, з задавальненнем адказвалі на пытанні тэматычнай віктарыны, а з Бабай Ягой і Лясуном гулялі ў вясёлыя гульні, спявалі і танцавалі. Па традыцыі – вадзілі карагоды вакол ёлкі і з асаблівым хваляваннем чыталі Дзеду Марозу і Снягурцы навагоднія вершы, за якія ў якасці ўзнагароды атрымлівалі цукеркі. Ну і які ж святочны настрой без салодкіх падарункаў з таямнічага мяшка Дзеда Мароза! Каб кожны ўдзельнік аматарскага аб’яднання “Экалагічны буквар” атрымаў навагодні набор цукерак, паклапаціліся ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. А ў ролі казачных персанажаў выступілі бібліятэкары Аксана Кумпель, Данута Лагада, Таццяна Васеха і Нэлі Улявічус.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара