У параўнанні з такім жа часам 2010 года сяўба ў нас пачалася раней, і на 11 красавіка наш раён на шостым месце ў вобласці пасля Ваўкавыскага, Слонімскага, Зэльвенскага, Мастоўскага і Свіслацкага. Адназначна меркаваць пра “хуткасць” сяўбы яравых збожжавых нельга, яна залежыць ад многіх фактараў. Напрыклад, пакуль дзвюх змен “ад цямна да цямна” не спатрэбілася, у гаспадарках і так паспяваюць, ды і глеба не ва ўсіх месцах як след прасохла. І разыходжанне паміж раёнамі не такое істотнае. Галоўнае, што ўсё вядзецца, як запланавана і без затрымак. Працавалі ў нашым раёне і ў выхадныя, як і заўсёды ў гарачы час палявых работ.
Наперадзе сярод гаспадарак па сяўбе яравых збожжавых РУСП “Масаляны”, СВК “Макараўцы”, “Цецяроўка”, “Алекшыцы”. Да сяўбы цукровых буракоў прыступілі тры гаспадаркі — СВК “Пархімаўцы”, РУСП “Масаляны”, аграфірма “Стары Дворац”. Кукурузу сеюць у РУСП “Масаляны”.
Ніна Наддэ