Народны гісторыка-краязнаўчы музей “Вытокі” Малабераставіцкай сярэдняй школы паспяхова працуе ў напрамку захавання памяці пра подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. З мэтаю ўвекавечвання подзвігу і памяці воінаў-землякоў пошукава-даследчая група вучняў прыняла ўдзел у стварэнні электроннай версіі Кнігі Памяці на інтэрнет-партале аб франтавіках. У маі ў музеі адбылася сустрэча пакаленняў і прэзентацыя электроннай Кнігі Памяці аб воінах-земляках.
На працягу некалькіх гадоў вучнямі школы вядзецца вялікая работа па збору і сістэматызацыі архіўных дакументальных матэрыялаў аб земляках, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. У выніку ў электронную Кнігу Памяці занесены звесткі аб баявым шляху 159 франтавікоў, жыхароў Малой Бераставіцы і навакольных вёсак. Дзякуючы знойдзеным архіўным дакументам, мы атрымалі магчымасць пацвердзіць фактамі значны ўклад нашых землякоў у Вялікую Перамогу, паказаць іх мужнасць і гераізм.
Савет музея вырашыў запрасіць у музей школы на сустрэчу і прэзентацыю Кнігі Памяці родных воінаў-землякоў, жыхароў Малой Бераставіцы. Сустрэча атрымалася вельмі хвалюючай і змястоўнай.
На аснове электроннай Кнігі Памяці вучні 11 і 9 класаў стварылі прэзентацыю, прысвечаную подзвігу воінаў-землякоў. Дакументальная хроніка, архіўныя дакументы, агучаныя вучнямі ўспаміны франтавікоў, відэафільм аб салдатах-аднавяскоўцах, словы ўдзячнасці ад маладога пакалення — усё гэта сведчыла аб тым, што вучні школы свята ўшаноўваюць памяць аб земляках, якія мужна змагаліся з ворагам.
Затым з успамінамі і словамі ўдзячнасці калектыву школы выступілі ганаровыя госці: Мікалай Канстанцінавіч Акулевіч, Валерый Сяргеевіч Карытца, Ганна Іванаўна Карытца, Галіна Сцяпанаўна Красоўская, Анатолій Іванавіч Сяўко, Надзея Васільеўна Макулік, Галіна Міхайлаўна Яўсеенка. Першым узяў слова Анатолій Іванавіч Макулік, які расказаў аб баявым шляху бацькі, Івана Данілавіча Макуліка. Іван Данілавіч з баямі прайшоў да Берліна, быў узнагароджаны ардэнамі і медалямі. Анатолій Іванавіч перадаў у фонды музея некаторыя рэліквіі, якія засталіся ад яго бацькі. Валерый Сяргеевіч Карытца падзяліўся ўспамінамі аб выпрабаваннях, якія выпалі на долю яго бацькі, Сяргея Канстанцінавіча Карытца. Баявы шлях Сяргея Канстанцінавіча пачаўся ў 1942 годзе пад Сталінградам, а завяршыўся ў 1945 годзе ў Аўстрыі. Мноства ўзнагарод сведчаць аб удзеле Сяргея Канстанцінавіча ў самых значных і складаных баявых аперацыях, у якіх ён праявіў сябе як выдатны воін і камандзір. Выступленне Галіны Міхайлаўны Яўсеенка было пранікнута гонарам за бацьку, Міхаіла Васільевіча Дудко, які мужна ваяваў на 3-м Беларускім фронце, быў паранены. Да Галіны Мікалаеўны далучылася Надзея Васільеўна Сяўко, якая расказала аб баявым шляху бацькі, Васілія Іванавіча Бандарыка. Васілій Іванавіч удзельнічаў у штурме Кёнігсберга. Мікалай Канстанцінавіч Акулевіч у сваім выступленні адзначыў, што яго бацька, Канстанцін Мікалаевіч Акулевіч, быў узнагароджаны медалём “За адвагу”, таксама меў медаль “За ўдзел у абарончай вайне 1939 года”.
Удзельнікі сустрэчы атрымалі магчымасць азнаёміцца з вучнёўскімі навукова-даследчымі работамі аб земляках, удзельніках Вялікай Айчыннай вайны.
Усе ганаровыя госці выказалі падзяку вучням за памяць аб іх родных, аб усіх воінах-земляках, якія ўдзельнічалі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі ворагамі.
Савет музея прадаўжае работу па захаванні памяці аб воінах-земляках, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Папаўняецца электронная Кніга Памяці, прадаўжаецца пошукава-даследчая дзейнасць па адкрыцці новых старонак ваеннай гісторыі краю.
Вікторыя Кісялеўская,
дырэктар
Малабераставіцкай СШ,
Тамара Эйсмант, кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”