15 сакавіка мы будзем адзначаць важнае дзяржаўнае свята — Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Для любой краіны канстытуцыя – гэта атрыбут дзяржавы, сімвал яе годнасці і гонару. Яе асноўныя палажэнні накіраваны на захаванне сацыяльна-палітычнай стабільнасці ў грамадстве, абарону правоў і свабод грамадзян, забеспячэнне зладжанай і эфектыўнай работы ўсіх галін народнай гаспадаркі.
Традыцыйна да Дня Канстытуцыі прымеркавана Усебеларуская патрыятычная акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Мы– грамадзяне Беларусі!”. Гэта акцыя садзейнічае станаўленню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, павышэнню інфармацыйнай і прававой культуры 14-гадовых юнакоў і дзяўчат, якія атрымліваюць пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь.
Сёлета старт акцыі быў дадзены 11 сакавіка: у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння нацыянальных пашпартоў 14-гадовым выдатнікам вучобы, удзельнікам навукова-практычных канферэнцый, пераможцам рэспубліканскіх конкурсаў, фестываляў, спаборніцтваў, прадметных алімпіяд.
Ва ўсіх рэгіёнах краіны ў гэтыя дні праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, што дапамагаюць падлеткам усвядоміць сэнс і значнасць сваёй дзейнасці як грамадзяніна, які нясе адказнасць не толькі за свой уласны лёс, але і за будучыню сваёй дзяржавы.
У Алекшыцкай сярэдняй школе тым навучэнцам, якім нядаўна споўнілася 14 гадоў, на ўрачыстай лінейцы напярэдадні Дня Канстытуцыі ўручылі маляўнічае выданне “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, у якім у даступнай форме прыводзяцца асноўныя артыкулы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, сабрана інфармацыя аб важнейшых заканадаўчых актах, а таксама іншыя пазнавальныя матэрыялы.
Васьмікласнікі Аляксей Прыходзька, Эльвіра Высоцкая, Андрэй Шакоць, Раман Пыжыў, Серафім Гмір і Валерыя Малецкая (на здымку) старанна вучацца, актыўна ўдзельнічаюць у школьным жыцці і ўпэўнены, што ў нашай краіне ў моладзі шмат магчымасцей, каб праявіць сябе і рэалізаваць свае здольнасці, так як гэта гарантуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара