Бібліятэкі сёння ёсць і застаюцца захавальнікамі інфармацыі і крыніцай ведаў розных галін навукі і мастацтва. Але роля іх змяняецца па меры таго, як змяняюцца запыты чытачоў. У апошні час у гэтых установах сталі больш даступнымі сродкі мультымедыя і электронныя камунікацыі. І, як паказвае практыка, стварэнне ў бібліятэках так званых мультымедыйных цэнтраў значна пашырыла магчымасці бібліятэкараў па абслугоўванні чытачоў, палепшыла якасць правядзення адукацыйных мерапрыемстваў.
У Бераставіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме дзейнічае дзевяць мультымедыйных цэнтраў – у раённай цэнтральнай бібліятэцы, дзіцячай бібліятэцы-філіяле, Вялікаэйсмантаўскай, Канюхоўскай, Макараўскай, Алекшыцкай, Пархімаўскай, Старадварэцкай сельскіх і Пагранічнай пасялковай бібліятэках. Што такое мультымедыйны цэнтр? Гэта, перш за ўсё, працоўнае месца, абсталяванае сістэмамі праслухоўвання і прагляду аўдыё- і відэаінфармацыі ці, прасцей кажучы, камп’ютарам. З 2007 года ў Бераставіцкай РЦБС пачала стварацца і папаўняцца медыятэка. Сёння фонд яе складае 986 кампакт-дыскаў і электронных дакументаў, у тым ліку 302 экземпляры налічваецца ў раённай бібліятэцы, 135 – у дзіцячай, дзе, дарэчы, адкрыты інфармацыйна — адукацыйны цэнтр. Фонд медыятэкі ўключае ў сябе навучальныя дыскі па асобных прадметах школьнай праграмы, якія дазваляюць як папоўніць магчымыя прабелы ў выкладанні, так і самастойна засвоіць матэрыял на ўзроўні, неабходным для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы з улікам патрабаванняў цэнтралізаванага тэсціравання. Тут ёсць і кампакт-дыскі па гісторыі, культуры, мастацтве народаў свету; па рэлігіі, у тым ліку тэксты Евангелля; электронныя творы класікаў рускай і замежнай літаратуры; пазнавальныя электронныя энцыклапедыі для дзяцей і юнацтва; навучальныя дыскі па замежных мовах; мастацкія фільмы, казкі і многае іншае. Дарэчы, у раённай бібліятэцы сфарміраваны і папаўняецца фонд аўдыёкніг і касет для людзей са слабым зрокам (268 экз.) Для іх абсталявана спецыяльнае месца, дзе з дапамогай бібліятэкара чытачы-інваліды па зроку могуць выкарыстаць камп’ютар альбо прайгравальнік і ўспрыняць любімы мастацкі твор ці іншую патрэбную інфармацыю на слых. Дарэчы, аўдыёкнігі запатрабаваны і членамі раённай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», у тым ліку школьнікамі.
– Паслугамі мультымедыйных цэнтраў, якія дзейнічаюць у бібліятэках раёна, карыстаюцца, як правіла, навучэнцы агульнаадукацыйных школ, студэнты-завочнікі ВНУ і ССНУ, выкладчыкі і творчыя работнікі, людзі, якія захапляюцца рознымі відамі мастацтва, – расказвае дырэктар Бераставіцкай РЦБС Таццяна Марцішэвіч.
– Прадастаўленне інфармацыі ажыццяўляецца ў розных формах, у тым ліку і з дапамогай інтэрнэту. Тэматычныя дыскі чытачам выдаюцца на дом на платнай аснове. Можна таксама раздрукаваць неабходную інфармацыю або запісаць яе на любы электронны носьбіт. У далейшым мяркуецца пашырыць спектр мультымедыйных паслуг. Варта адзначыць таксама, што фонды медыятэк выкарыстоўваюцца для арганізацыі і правядзення і відэапрэзентацый, пры арганізацыі кніжных выстаў і літаратурных аглядаў, урокаў інфармацыйнай культуры школьнікаў.
Безумоўна, наяўнасць мультымедыйных цэнтраў і забеспячэнне доступу да інфармацыі на аснове сучасных тэхнічных сродкаў робяць бібліятэкі больш прывабнымі для чытачоў, асабліва маладых.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара