Вясковая праца ніколі не была лёгкай. Кожны дзень мы карыстаемся плёнам рук аграрыяў – у нас на стале духмяны хлеб і “да хлеба”… Іх прафесія – адна з самых мірных і стваральных на зямлі. У кожным сельгаскааператыве ёсць старанныя і адказныя людзі, на якіх літаральна трымаецца вытворчасць. Асабліва гэта датычыцца механізатараў. Яны сапраўднае моцнае звяно калектыву. Кожная вясковая работа заслугоўвае самай шчырай павагі, але ўклад механізатараў у агульную скарбонку неацэнны. Часта здараецца, што працуюць яны не на самай сучаснай тэхніцы, але добра даглядаюць і берагуць яе і любую даручаную справу выконваюць як належна.
У СВК “Цецяроўка” Міхаіл Карач, Анатолій Жыдок і Сяргей Тарасаў добра папрацавалі на адвозцы зялёнай масы ў час першага ўкосу. Усе яны стараліся. “Зялёны канвеер” працаваў без затрымкі. Міхаіл зараз заняты на вывазцы арганікі. Чалавек ён мясцовы, бацькі яго працуюць у жывёлагадоўлі. Мама – заслужаны член кааператыва. Бацькі могуць ганарыцца такім сынам. Ён заслужыў добрую рэпутацыю. Міхаіл яшчэ і мнагадзетны бацька. У яго чацвёра дзяцей, тры хлопчыкі і дзяўчынка.
А Анатолій зараз рыхтуе зернеўборачныя камбайны да жніва. Ён таксама з гэтых мясцін і дастойны пераемнік у вясковай дынастыі. Мама яго працуе аператарам машыннага даення на новым малочнатаварным комплексе “Рудаўляны”.
А Сяргей Тарасаў – прыезджы. Прыехаў ён са Свіслацкага раёна, сям’і далі жыллё. Сяргей – добры сем’янін. Зараз ён таксама рамантуе тэхніку.
Ніна Наддэ