Мовы сваёй не цурайся! У Пархімаўскім яслях-садзе-базавай школе прайшоў Тыдзень беларускай мовы

Лента новостей Образование


Кажуць, што мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Для мяне ж яна вечна жывая,

Як раса, як сляза, як зара…

Пімен Панчанка

Вядомыя словы беларускага класіка сталі заклікам да ўсіх удзельнікаў мерапрыемстваў, спланаваных у рамках Тыдня беларускай мовы з 15 па 20 красавіка. Веданне традыцый і звычаяў беларускага народа, захаванне і ўзбагачэнне скарбаў роднага краю, выпрацоўка дакладнай арыентацыі ў моўных з’явах – мэта ўсіх мерапрыемстваў.

У першы дзень Тыдня на агульнашкольнай лінейцы  навучэнцы даведаліся аб мерапрыемствах, якія будуць праходзіць кожны дзень. На перапынках хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічалі ў акцыі “Маё любімае “незвычайнае” беларускае слова”, падчас якой разам з  настаўнікамі пісалі “незвычайныя” беларускія словы, якія з’яўляюцца блізкімі і дарагімі для іх.

Самым цікавым для дзяцей аказаўся другі дзень. Вельмі спадабалася навучэнцам 5-9 класаў інтэрактыўная віктарына “Чароўны квадрат”, якая праходзіла ў вострай і напружанай барацьбе. Пытанні былі дастаткова складаныя, але каманды працавалі дружна і рашуча. Віктарына садзейнічала паглыбленню ведаў навучэнцаў пра гістарычную і культурную спадчыну Беларусі, багацце беларускай мовы. Сектары “Падарожжа па карце Беларусі”, “Таямнічая скрыня”, “Знакамітыя людзі Беларусі”, “Конкурс на лепшага чытальніка” спрыялі выхаванню павагі да роднай зямлі, свайго народа. Сектары “Конкурс капітанаў”, “Беларускія гульні” абуджалі цікавасць да роднай мовы. Карысць ад мерапрыемства атрымалі ўсе прысутныя без выключэння.

Выклікала цікавасць і квэст-гульня “З родным словам па жыцці”. Кожны клас атрымаў маршрутны ліст, у адпаведнасці з якім павінен быў выконваць прапанаваныя заданні на станцыях «Загадкі», «Шарада», «Словаведы», «Рухальная сіла», «Знаўцы беларускага фальклору», «Таямнічая скрыня» і інш. Каб правільна адказаць на пытанні, навучэнцы мусілі ведаць не толькі адметныя беларускія словы, але і вершы, навуковыя тэрміны. Квэст-гульня дапамагла  школьнікам значна падцягнуць свае веды і яшчэ раз задумацца, наколькі важна шанаваць роднае слова як  найвялікшы скарб і аснову самабытнасці нашага народа.

Напрыканцы Тыдня навучэнцы складалі калаж “Фразеалагізмы ў малюнках” і паўдзельнічалі ў акцыі «Пажаданні роднай мове», дзе на вялікім аркушы паперы пісалі словы-пажаданні роднай мове.

Закрыццё Тыдня беларускай мовы адбылося ў суботу інтэлектуальнай гульнёй “Самы разумны”. Таксама ў гэты дзень прайшоў урок знакамітай асобы “Наш вечны сучаснiк – Якуб Колас”.

Самыя актыўныя навучэнцы Тыдня  адзначаны  сертыфікатамі на права атрымання адзнакі “10” па беларускай мове за І месца; на права атрымання адзнакі “9” па беларускай мове за ІІ месца; на права павышэння адзнакі на адзін бал па беларускай мове за ІІІ месца і памятнымі прызамі.

Пераканана, што смак роднай мовы не павінен забывацца. Калі ты нарадзіўся беларусам, калі ты жывеш на зямлі Беларусі, то не трэба цурацца роднай мовы, бо менавіта яна злучае людзей у адзін народ.

Святлана Войшэль, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Пархімаўскага ясляў-сада-базавай школы  



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *