Напярэдадні Дня маці мнагадзетныя жанчыны, якія жывуць на тэрыторыі Канюхоўскага сельсавета, былі запрошаны на прыём да натарыуса Гродзенскай натарыяльнай акругі Юліі Крэўчык.
Гэта Вікторыя Пяцельчыц – брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі, Аксана Мотыль – прадавец кафэ “Алеся”, Наталля Рудая і Жана Юхнюк – бухгалтары. Усе гэтыя жанчыны працуюць у КСУП “Макараўцы” і выхоўваюць па трое дзетак. Руплівыя, клапатлівыя, працавітыя, дабразычлівыя, яшчэ даволі маладога ўзросту, яны заслужылі у сваіх калектывах павагу і аўтарытэт. Але прафесійная дзейнасць не перашкаджае выхоўваць паслухмяных і адказных дзетак, якія растуць, акружаныя ласкай і любоўю сваіх матуль.
Ва ўтульнай, цёплай атмасферы да мнагадзетных мам звярнуўся старшыня сельвыканкама Віталій Рудкін. Ён павіншаваў жанчын з Днём маці, пажадаў ім шчасця, дабрабыту, удзячнасці ад сваіх дзяцей, падзякаваў за іх дабрасумленнае выхаваннне.
Да віншаванняў далучылася Юлія Аляксандраўна. Яна пажадала мамам моцнага здароўя і поспехаў у нялёгкай працы, а таксама ўручыла ім салодкія пачастункі.
Да друку падрыхтавала Анжаліка Дудко