Механізатар СВК “Цецяроўка” Алег Дзегцяроў працуе на сенажаці

Сельское хозяйство Человек и его дело

IMG_6129Шчаслівы той чалавек, які па словах тонкага знаўцы чалавечай душы Дэйла Карнэгі здольны бачыць цёмнай ноччу ў звычайнай лужыне яркія зоркі. Мы ўсе дзелімся на песімістаў і аптымістаў, і псіхолагі сцвярджаюць, што ў аднолькавых умовах жыцця заўсёды выйграе той, хто ўспрымае жыццё пазітыўна і ўмее шчыра радавацца. І настрой у яго лепшы, і з цяжкасцямі спраўляецца ён больш вынікова. Сярод аграрыяў нямала людзей, у якіх можна многаму павучыцца. Сённяшні наш сціплы герой – прадстаўнік адной з самых нялёгкіх прафесій у сельскай гаспадарцы. Механізатар СВК “Цецяроўка” Алег Дзегцяроў нядаўна плённа папрацаваў на сенажаці, а працоўны стаж яго складае ўжо прыкладна чвэрць стагоддзя.
Мясцовы хлопец закончыў Бераставіцкае прафтэхвучылішча і застаўся ў родных мясцінах. Пакідаў ён іх толькі для службы ў арміі. Яго не вабіла жыццё ў гора­дзе, па натуры ён быў сапраўдны вясковец, чалавек “ад зямлі”. Запомніўся на доўгія гады Алегу яго першы працоўны дзень. На гусенічным трактары ён праводзіў культывацыю глебы. Таго магутнага жалезнага “старажыла”, які даўно ўжо адслужыў свой век, мужчына ўспамінае добрым словам. Безумоўна, той вельмі саступае сённяшнім сучасным мадэлям трактароў, якія ідуць на экспарт, але старая вытворчая тэхніка была цягавітая і з выдатнай праходнасцю. Гусеніцы – удалае вынаходніцтва, у многіх праблемных месцах такая тэхніка была сапраўды незаменнай. Зараз механізатар працуе на трактары Беларус-3022 і задаволены тым, як праведзена ўдасканаленне. У кабіне ўжо не так чутны гук, меншай стала і вібрацыя, ёсць кандыцыянер.
— Які від работ Вы найбольш любіце, Алег? – запыталася я. – Мусіць, касьбу, бо вельмі ж прыгожа навокал у час зялёнага жніва?
— Мне ўсё падабаецца. Усе віды работ патрэбныя і важныя. Без іх у сельскай гаспадарцы не абысціся.
— А што робіце зімой? – працягваю.
— Зімой займаюся рамонтам, вывожу арганічныя ўгнаенні, чышчу снег на тэрыторыі сельгаскааператыва.
— Заробак, вядома, зімой меншы, — канстатую. – Але ж не ў сезон і менш стамляецеся?
— Так, — адказвае механізатар. – Калі быў малады, дык рабіць наогул было ў радасць, стомленасці амаль не адчувалася. Зараз, з узростам, на жаль, ужо не так…
Людзі самых розных, нават “кабінетных” прафесій будуць згодны з Алегам. У кожнага ёсць свой адмысловы сакрэт, як зменшыць такую стомленасць, а магчыма, і “прафесійнае выгаранне”. Асабліва падвержаны такой з’яве людзі, занятак якіх звязаны з эмацыянальнай нагрузкай. Некаторыя падбадзёрваюцца кавай, нехта любіць пазваніць блізкаму чалавеку на некалькі хвілін і атрымлівае маральную падтрымку. А ў Алега Дзегцярова сакрэт аказаўся ўніверсальны, яго можна прадставіць і як вельмі карысную параду нашым чытачам.
— Работа мая можа здацца манатоннай камусьці, — адзначыў трактарыст. – Поле вялікае, часу на яго трэба шмат патраціць, каб зрабіць усё, як след. А я раблю і думаю пра харошае.
Сапраўды, такая думка вельмі рацыянальная, і чалавек дайшоў да яе, як кажуць, сваім розумам. У майго субяседніка ёсць усё для самадастатковага жыцця. Работа для яго любімая, жыллё камфортнае, сям’я ў чалавека моцная. Дзеці радуюць – дачка вучыцца ў інстытуце, сын у каледжы. Пра людзей, якія працуюць з ім побач, Алег таксама гаворыць, што яны харошыя, і на калектыў яму пашанцавала.
Так на ўласным сціплым прыкладзе наш герой пераканаўча паказаў нам, што аптымізм — гэта тое, на што трэба ставіць. Бо ён стабільна гарантуе выйгрыш – паспяховасць у жыцці, няхай і для кожнага з нас па-свойму.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *