“Асветнікі зямлі беларускай”- пад такой назвай адзначылі Дзень беларускага пісьменства вучні Паплаўскага ясляў-сада — базавай школы.
Вядучыя Аня Пясецкая, Даша Крыцкая і Алена Пугачэўская расказалі прысутным пра выдатных асветнікаў і творцаў, якія аб’ядноўвалі народ магутнай сілай слова, вучылі размаўляць, спяваць песні, складаць вершы пра шчасце і волю на роднай мове: першадрукара Францыска Скарыну, Васіля Цяпінскага, Пятра Мсціслаўца, братоў Мамонічаў. Усе разам вучні ўспомнілі гарады, у якіх праходзілі Дні беларускага пісьменства, і тое, што сёлета старажытнае Заслаўе з размахам прыняло гэта свята.
Вучні 8 класа падрыхтавалі цікавую інфармацыю пра асветнікаў Беларусі. Ян Пясецкі расказаў пра грамадскага і царкоўнага дзеяча, паэта, драматурга Сімяона Полацкага. Яшчэ з адным асветнікам, Сымонам Будным, пазнаёміў Юрый Сцепанчук. Пра культурна-асветніцкую дзейнасць Еўфрасінні Полацкай змястоўна расказала Анжаліка Гурская, а Іна Марозік і Марыя Гурская чыталі вершаваныя радкі Ларысы Геніюш, Дануты Бічэль-Загнетавай, Васіля Зуёнка, прысвечаныя ахоўніцы і заступніцы беларускага народа.
Вучням быў прапанаваны таксама агляд літаратуры па кніжнай выставе “З гісторыі беларускага пісьменства і друку”. Гэтая выстава дала магчымасць падрабязней даведацца пра асветнікаў і славутых людзей Беларусі.
Зацікавіла прысутных і відэавіктарына. Дзеці з захапленнем удзельнічалі ў ёй і давалі правільныя і разгорнутыя адказы.
Мерапрыемства дало магчымасць школьнікам папоўніць свае веды па гісторыі і культуры беларускага пісьменства, успомніць шматвекавыя літаратурныя традыцыі, звярнуцца да каштоўнасцей, закладзеных у кнігах.
Аб тым, што ніхто не застаўся абыякавым, сведчылі зацікаўленыя вочы і ўсмешкі на тварах удзельнікаў.
Таццяна Клімовіч,
бібліятэкар Паплаўскай інтэграванай сельскай бібліятэкі