Медыцына стала лёсам Казіміра Іядкоўскага

Лента новостей

4Амаль кожныя выхадныя Казімір Міхайлавіч Іядкоўскі разам з жонкай Вікторыяй Станіславаўнай праводзяць у Станявічах, на дачы. Тут, на ўлонні прыроды, удалечыні ад гарадской мітусні абласнога цэнтра яны па-сапраўднаму адпачываюць, набіраюцца сіл і энергіі. Можа гэта зямля такая гаючая таму, што родная? У Станявічах – бацькоўская хата Вікторыі Станіславаўны, а Казімір Міхайлавіч – з Вялікіх Ёдкавічаў. Мы разважаем аб гэтым ва ўтульнай альтанцы на прыгожым, патанаючым у зеляніне і кветках падворку Іядкоўскіх.
– Ні на які іншы адпачынак не прамяняю час, што праводжу тут, – гаворыць Казімір Міхайлавіч, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры дзіцячай хірургіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кансультант планава-хірургічнага аддзялення Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, вядучы хірург і дзіцячы ўролаг. Зрэшты, пералічыць усе рэгаліі гэтага чалавека цяжка. Паколькі за 50 гадоў працы ў сістэме аховы здароўя вобласці, у тым ліку 40 – дзіцячым хірургам, іх у Казіміра Міхайлавіча назапасілася дастаткова.
– Калі б мне, у тыя далёкія гады, студэнту Слонімскага медвучылішча, а потым фельчару Жукевіцкага ФАПа, сказалі, кім стану, не паверыў бы. Бо ў вучылішча пайшоў, каб як мага хутчэй атрымаць прафесію, пачаць працаваць і дапамагаць сям’і. А нас, дзяцей, у бацькоў было шасцёра, і я – старэйшы. Хутка, аднак, зразумеў, што хочацца чагосьці большага. Таму вырашыў паступіць у медінстытут, быць хірургам.
Потым атрымаў прапанову стаць ардынатарам дзіцячага хірургічнага аддзялення Гро­дзенскай абласной дзіцячай бальніцы, затым – асістэнтам. Так год за годам Казімір Міхайлавіч удасканальваў свой вопыт і веды ў такой складанай і высакароднай прафесіі. З 1998 года ён – дацэнт кафедры дзіцячай хірургіі медуніверсітэта, намеснік дэкана факультэта медыцынскіх сясцёр з вышэйшай адукацыяй, а з 2000-га – дэкан гэтага ж факультэта. Так медыцына стала яго лёсам. Але, не толькі яго. Сястра Казіміра Міхайлавіча таксама медык. Па слядах бацькі пайшоў і сын, абраўшы прафесію дзіцячага хірурга, а дачка працуе сямейным урачом. Дзеці Казіміра Міхайлавіча з сем’ямі жывуць у Польшчы.
– Жаданне маіх бацькоў даць сваім дзецям адукацыю апраўдалася. Яны з дзяцінства імкнуліся прывіць усім нам такія якасці, як працавітасць, адказнасць, прыстойнасць, любоў да роднай зямлі, да сваіх каранёў і нацыянальных традыцый. Гэта мы перадалі і сваім дзецям, цяпер падрастаюць унукі. Ім цікава ведаць гісторыю свайго роду, бываць на радзіме бабулі і дзядулі, слухаць аповеды пра тагачаснае жыццё. Мы часта збіраемся на святы то ў нас у Гродна, то ў дзяцей у Польшчы, то ў маёй матулі Караліны Станіславаўны, якая жыве ў Вялікіх Ёдкавічах і якой ужо 92 гады. У такія мінуты адучваем, што мы – вялікая дружная сям’я. І гэта – сапраўдная радасць і шчасце.
Напэўна, мала хто з землякоў ведае, што Казімір Міхайлавіч Іядкоўскі – аўтар 219-ці работ, надрукаваных у часопісах і зборніках з’ездаў і канферэнцый Рэспублікі Беларусь, Польшчы, Чэхіі, Латвіі, Узбекістана, 19-ці рацыяналізатарскіх прапаноў, 10-ці ўкараненняў у клінічную практыку, 14-ці метадычных рэкамендацый і даведнікаў. Ён пабываў на канферэнцыях і стажыроўках у Берліне, Парыжы, Чыкага. Ды і я пра гэта даведалася толькі дзякуючы інтэрнэту, бо сам мой субяседнік пра свае заслугі расказвае неахвотна. У 2005 годзе ён узнагаро­джаны залатым медалём Альберта Швейцара, які заснавала Еўрапейская Акадэмія прыродазнаўчых навук як знак прызнання высокіх маральна-этычных якасцяў і адметных заслуг вучоных і спецыялістаў, якія працуюць у медыцыне і ахове здароўя, гуманітарнай і сацыяльнай галінах дзейнасці і чые дасягненні ў разнастайных галінах ведаў садзейнічаюць сацыяльнаму прагрэсу, росту дабрабыту, умацаванню здароўя і духоўнаму развіццю народа.
У свае 70 год Казімір Міхай­лавіч працягвае працаваць. Яго каласальны вопыт і веды сёння запатрабаваныя. Ён выкладае ў медуніверсітэце, праводзіць найбольш складаныя хірургічныя аперацыі, кансультуе. А калі выдаецца вольная хвіліна ў шчыльным працоўным графіку, спяшаецца ў вёску, дзе свежае паветра, цішыня і спакой. У сваю майстэрню, дзе, дарэчы, любіць пасталярнічаць. На падворак, які аблюбавалі буслы і куды прылятаюць ужо каторы год. Яны, як і гаспадары, застаюцца вернымі свайму роднаму куточку.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *