Медрэгістратар Бераставіцкай паліклінікі Людміла Цярэшка

Лента новостей

58Тэатр пачынаецца з вешалкі, а паліклініка, канешне ж, з рэгістратуры. Менавіта сюды мы тэлефануем, каб запісацца на прыём да ўрача. Прыйшоўшы ж у гэтую медыцынскую ўстанову, таксама спяшаемся найперш у рэгістратуру – каб узяць талончык да патрэбнага спецыяліста. І ад таго, як нас тут сустрэнуць і як абслужаць у пэўнай ступені таксама залежыць наш настрой на лячэнне і на выздараўленне.
Каму, як не медрэгістратару Людміле Цярэшка, ведаць пра ўсё гэта? Жанчына працуе ў раённай паліклініцы сорак тры гады, з іх дваццаць восем – у рэгістратуры. Яе адносінамі да прафесіі і да сваіх абавязкаў у Бераставіцкай ЦРБ задаволены. Намеснік галоўнага ўрача Яніна Скрундзеўская адзначыла багаты працоўны вопыт Людмілы Мікалаеўны, яе дасціпнасць, уважлівасць да людзей і добразычлівасць. Дарэчы, якраз Яніна Янаўна і параіла мне напісць у газеце пра гэтага медрэгістратара.
– На працу ў Бераставіцкую паліклініку я прыйшла ў 1972 годзе, пасля таго, як недабрала паўбала пры паступленні ў медыцынскі інстытут, – расказвае Людміла Мікалаеўна. – Збіралася ў наступным годзе паступаць зноў, аднак жыццёвыя абставіны склаліся так, што гэта стала немагчымым. А паколькі медыцына мне вельмі падабалася, то нават і не ўяўляла, што магу працаваць не ў медустанове, а недзе ў іншым месцы.
…Ёй адразу пашанцавала: побач былі вопытныя, а, галоўнае, уважлівыя медрэгістратары – Святлана Сяргееўна Лычкоўская і Ала Антонаўна Богдан, а таксама старшая медыцынская сястра райпаліклінікі Валянціна Дзмітрыеўна Войшаль, рабочы кабінет якой знаходзіўся побач з рэгістратурай.
– Іх парады і дапамога напачатку былі мне вельмі патрэбныя, – успамінае мая суразмоўца. – Ва ўсякай справе чалавек напрацоўвае вопыт і прафесійны спрыт, і калі ён дзеліцца такімі каштоўнымі набыткамі, то для навічка гэта проста неацэнна. Я заўсёды памятаю, як падтрымлівалі некалі мяне і стараюся быць карыснай для тых, хто прыходзіць працаваць у рэгістратуру.
Мы размаўляем пра работу медрэгістратара. І мне адкрываецца нямала з таго, пра што я раней і не здагадвалася, мяркуючы, што яго абавязак – проста адшукаць і выдаць пацыенту яго медыцынскую карту, запісаць чалавека па тэлефоне, або асабіста, на прыём да пэўнага ўрача.
–Мы адказваем за тое, каб медыцынскія карткі – а іх больш шаснаццаці тысяч – былі ў парадку. Падклейваем, абнаўляем. Празмерна “пухлая” медыцынская карта здаецца ў архіў, а ў новай захоўваецца літаральна ўсё, што было занатавана ў старой за ўвесь апошні год.
Строга сочым за тым, каб у карце быў запіс аб флюараграфічным абследаванні, а калі гэта картка жанчыны, то і запіс пра гінекалагічнае даследаванне. Да таго ж усе мужчыны ўзростам больш пяцідзесяці год павінны наведваць ўрача аглядавага мужчынскага кабінета. Гэта вельмі важна, і мы сочым, каб такое абследаванне пацыенты праходзілі.
Дарэчы, медыцынскія карты мы не выдаем на рукі пацыентам – аператыўна, яшчэ да прыёму хворых, заносім карты ў кабінет урача.
— Што яшчэ ўваходзіць у кола абавязкаў медрэгістратара?
– Працуем з 7.30 гадзін. Якраз з самага ранку і паступае найбольш тэлефонных званкоў наконт папярэдняга запісу да “вузкіх” спецыялістаў. Прымаем званкі і заносім адпаведныя запісы ў камп’ютар – такая электронная зручнасць у нашай рабоце з’явілася гады чатыры таму. Адначасова выдаем пацыентам талоны да ўчастковых урачоў.
– А за колькі дзён да прыёму можна запісацца да “вузкага” спецыяліста?
– Звычайна запісваем за два тыдні да прыёму. Тым жа, каму стаматолаг патрэбен не для лячэння, а з-за вострага зубнога болю, талончыкі выдаем адразу.
А ўвогуле, у рэгістратуру паступаюць тэлефонныя званкі ўвесь рабочы дзень – дарэчы, мы працуем па графіку да васемнаццаці гадзін, а таксама і ў суботу. Запісваем тэлефонныя званкі, якія датычацца выклікаў “вузкіх” спецыялістаў. Пасля кожнага такога званка аператыўна паведамляем пра яго ўчасковаму тэрапеўту, і ён, па медыцынскіх паказаннях хворага, вырашае мэтазгоднасць выезду.
На маю зацікаўленасць, колькі ж званкоў даводзіцца прымаць рэгістратарам за дзень, і колькі пацыентаў звяртаецца ў рэгістратуру непасрэдна, Людміла Мікалаеўна адказала:
– Дзень на дзень, вядома, не прыходзіцца. У сярэднім жа прымаем да трохсот тэлефонных званкоў рознага характару, а талонаў на прыём да ўрачоў выдаем у сярэднім двумстам чалавекам, восенню і зімою пры ўздыме вірусных захворванняў – і тромстам.
А яшчэ ў рэгістратуру паступаюць усе так называемыя актывы-запісы з выездаў да пацыентаў фельчараў хуткай дапамогі. Ра­зам з амбулаторнай медыцынскай картай хворага медрэгістратары аператыўна дастаўляюць гэтыя актывы ўрачу-тэрапеўту.
На першы погляд зусім нескладаная, работа медрэгістратара пры больш блізкім знаёмстве з ёю аказваецца не такой ужо і простай ды лёгкай. Не кажучы ўжо пра яе незаменнасць і важнасць для зладжанай работы раённнай паліклінікі ў цэлым, а таксама і бальніцы.
– Пятнаццаць год, з 1979-га па 1995-ы, мне давялося працаваць сакратаром у прыёмнай галоўнага ўрача, – расказвае Людміла Мікалаеўна. – Абавязкаў там таксама было шмат: вяла дакументацыю, друкавала на машынцы. Калі была пераведзена на ранейшае месца работы, то нават узрадавалася: непасрэдная работа з людзьмі намнога больш цікавая.
У рэгістратуры чатыры медрэ­гістратары, і асаблівасць іх работы ў тым, што тут асабліва па­тра­буюцца ўзаемаразуменне і ўзаемавыручка.
– Мы так і працуем, – заўважае Людміла Мікалаеўна Пры гэтым адзначае, што ў адной з работніц, Святланы Савіцкай, таксама вялікі стаж і вопыт: яна працуе ў рэгістратуры пятнаццаць год, да ўсяго і чалавек вельмі прыязны, добразычлівы.
На маё пытанне, ці не шкадуе Людміла Аляксандраўна, што аддала, па-сутнасці, усё працоўнае жыццё такой клапатлівай, ды і зусім незайздроснай у аплаце рабоце, яна адмоўна махае галавой: «Ніколькі не шкадую! Прапаноўвалі мне іншую працу, з лепшым заробкам. Але вырашыла рабіць тую справу, якую люблю».
І муж, і дзеці разумеюць і падтрымліваюць яе. У Людмілы Аляксандраўны двое дзяцей і трое ўнукаў, якім жанчына аддае ўсё сваё душэўнае цяпло.
Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *