“Мая мара збылася…”

Лента новостей Человек и его дело

IMG_4847Шкада, безумоўна, што не адкрыўся ў нашым раённым цэнтры магазін гандлёвай сеткі “Еўраопт”, як кажуць, “не лёс”. А ў чарговы раз пашкадаваць аб гэтым прымусіла, думаецца, многіх ахвочых пакупнікоў яскравая перадсвяточная рэклама гэтых сучасных увішных гандляроў, дзе гаварылася, напрыклад, што мандарыны ў іх каштуюць менш за 20 тысяч рублёў за кілаграм. Нам жа прыходзіцца задавольвацца тым, што ёсць. Кошты на гэты смачны, карысны і па-сапраўднаму святочны тавар, які нагадвае дзяцінства і навагоднія тагачасныя падарункі, у розных гандлёвых кропках гарадскога пасёлка, на жаль, як мінімум на 10 тысяч рублёў вышэйшыя. Тым не менш, нягле­дзячы на аб’ектыўныя абставіны, калі прымеш рацыянальнае рашэнне “жыць у пазітыве”, як раяць псіхолагі, і банальна не псаваць сабе настрой, а наадварот пашукаць нешта прыемнае з таго, што даступна, дык хітры прыём усё ж спрацоўвае. Таму ў магазін “Родны кут” па вуліцы Леніна ў г.п. Вя­лікая Бераставіца я ў чарговы раз прыйшла ахвотна. Думаецца, што не толькі мне давялося стаць тут пастаянным пакупніком, а і вельмі многім.
— У “Еўраопце” могуць трымаць нізкія цэны за кошт вялікага абароту, — пракаменціравала маю рэпліку пра аранжавыя духмяныя мандарыны загадчык новага магазіна “Родны кут” па вуліцы Леніна і работнік гандлю з вялікім стажам Людміла Марцішэвіч. – Але ж і ў нас ёсць што купіць па невысокіх цэнах.
Мне давялося пагутарыць з адным з прадаўцоў. Ганна Раковіч расказала, што нарадзілася і вырасла ў далёкай сонечнай Еўпаторыі на цудоўным Чорным моры. Калі яе мама памерла, бацька з ёю пераехаў да сваёй маці ў Ашмянскі раён. Там дзяўчына закончыла мясцовае прафтэхвучылішча, працавала прадаўцом. Давялося ёй папрацаваць і аператарам на адной са свінаферм на Бераставіччыне. Калі ў жніўні гасцінна адчыніў свае дзверы новы “Родны кут”, пачала тут працаваць і Ганна. Яна і астатнія прадаўцы заўсёды ветлівыя, стараюцца дагадзіць людзям.
— Мая мара збылася, — гаворыць мая субяседніца. – Я з дзяцінства марыла быць прадаўцом. А зараз я яшчэ працую і ў такім прыгожым магазіне! Калектыў у нас выдатны, дружны.
— Не стамляецеся за цэлую працоўную змену? – цікаўлюся.
— Не, калі любіш сваю работу, дык не стамляешся, — з усмешкай запэўнівае Ганна.
Гэтая абаяльная маладая жанчына яшчэ і мнагадзетная мама – у яе трое дзяцей.
А сфатаграфавала я Ганну з натуральнымі сокамі Гродзенскага кансервавага завода з яблык і ароніі з сада СВП “АграМір”. Сама паспытала – смачна! Таму наша мясцовая прадукцыя, безумоўна, больш карысная, чым прывазная і вырабленая з канцэнтратаў.
Калі не толькі можна купіць тое, што падабаецца, але яшчэ пры гэтым адчуць задавальненне ад багатага выбару тавараў, ветлівага абслугоўвання, карыснай парады, гэта вельмі добра. А Ганна адзначыла яшчэ адну цікавую дэталь. Пакупнікі ў гэтым магазіне таксама “ветлівыя, інтэлігентныя, паважаюць працу прадаўца”. Таму няхай у Новым годзе ўсе будуць шчаслівыя! З дзяцінства ў перадсвяточны час мы чакаем цудаў. Крышачку наблізіць іх – у нашых з вамі руках. Усміхнуцца, падарыць адзін аднаму добрае слова няцяжка, а цэніцца гэта вельмі дорага… Шчасця і дабра вам!
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *