Вясёлыя провады зімы з радасным чаканнем блізкага цяпла, вясновага абнаўлення прыроды традыцыйна адзначаюцца святкаваннем Масленіцы. Гэта—самае вясёлае, народнае і сытнае свята, якое засталося нам у спадчыну з часоў язычніцтва. Масленіца была прынята хрысціянскай царквою і, як рэлігійнае свята, атрымала назву Сырнага тыдня.
Безумоўна, галоўным атрыбутам свята з’яўляюцца румяныя і круглыя бліны. Блін—гэта маленькае сонца. А Масленіца—свята “новага сонца”. Таму выпяканне бліноў—гэта закліканне ў дом багацця, добрага ўраджаю і прыбытку. І пры частаванні блінамі чалавеку перадаецца частка сілы Сонца, што вельмі дарэчы зімой.
Далучыцца да старажытнага абраду, паспрабаваць традыцыйных бліноў змаглі і бераставічане падчас падрыхтаванага РДК культурна-спартыўнага свята Масленіцы, якое адбылося на цэнтральнай плошчы гарпасёлка ў мінулую суботу.
Масленічныя персанажы Дзед Мароз, Зіма, Вясна, зімовыя месяцы, Скамарохі праводзілі вясёлыя гульні і конкурсы. Са сцэны гучалі масленічныя прыказкі, прымаўкі, вершы. А ў выкананні народнага ансамбля народнай музыкі “Бераставіцкія музыкі” РДК—абрадавыя песні-заклічкі.
Сваю сілу, лоўкасць, меткасць змаглі выпрабаваць юныя бераставічане і дарослыя аматары спорту падчас наладжаных фізкультурна-аздараўленчым спартыўным цэнтрам конкурсаў—падняцці гіры, армрэслінга, кідання кольцаў, дартса. Жадаючыя змаглі злавіць карпаў… голымі рукамі і атрымаць порцыю адрэналіну разам з бераставіцкімі “маржамі”.
Сімвалічнае спальванне ўсяго дрэннага і негатыўнага ў вогнішчы разам з чучалам Зімы завяршыла прыгожае і любімае з даўніх пор і да гэтага часу свята. Гэта своеасаблівае абнаўленне, калі трэба развітацца з усім старым і разам з агнём адпусціць з душы крыўду і самотны настрой.