Штогод пры Малабераставіцкай сярэдняй школе працуе летні аздараўленчы лагер “Краяведы”. У нашага лагера не толькі адметная назва, але і асаблівыя ўмовы пражывання – лагер палатачны. Магчыма, некаторых дзяцей пужаюць такія ўмовы, але толькі не нашых. Сёлета лагер распачаў сваю работу 10 ліпеня, а набор у лагер адбыўся ўжо ў лютым. Некаторыя вучні наведваюць лагер тры-чатыры гады, наколькі ім дазваляе ўзрост. Чаму? “Бо тут цікава”, – з гонарам сцвярджаюць дзеці.
За гады дзейнасці лагера склаліся пэўныя традыцыі. Адной з найважнейшых з’яўляецца правядзенне акцыі “Памятаем і шануем” у рамках рэспубліканскай героіка-патрыятычнай акцыі “Дзякуем салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” у першы дзень работы лагера. Звычайна акцыя адбываецца вечарам. Так было і сёлета. Спачатку мы правялі пешы маршрут памяці “Ад помніка да помніка”. Вучні наведалі помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, памятны знак Г.Н.Цітаішвілі, які загінуў пры абароне Малой Бераставіцы, брацкую магілу. На кожным месцы дзеці навялі парадак, ўсклалі палявыя кветкі, ушанавалі памяць аб загінуўшых мінутай маўчання. Затым вучні накіраваліся да мясцовай рачулкі, па дарозе падрыхтавалі ўпрыхожаныя палявымі кветкамі падстаўкі для свечак, якія яны затым запалілі і пусцілі на ваду як памяць аб людзях, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Яшчэ адно традыцыйнае мерапрыемства — “Прысвячэнне ў краяведы-турысты”. Каб атрымаць званне краяведа-турыста, неабходна прайсці праз шэраг выправаванняў і даказаць, што ты варты звацца краяведам-турыстам. У лагеры заўсёды пануе атмасфера дабразычлівасці, узаемадапамогі, пагэтаму прайсці выпрабаванні малодшым заўсёды дапамагаюць бывалыя краяведы: як правільна скласці рукзак, што неабходна браць з сабой у паход, як прадказаць надвор’е па прыкметах, як раскласці вогнішча, як правільна паставіць палатку, як прадставіць сваю краіну на міжнародным турыстычным злёце і іншыя.
Так як работа лагера з’яўляецца лагічным працягам дзейнасці народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”, традыцыйна на базе музея праводзяцца мерапрыемствы. Сёлета выхаванец лагера, экскурсавод музея Алег Гуцко, правёў Урок мужнасці, затым адбыўля майстар-клас “На салдацкім прывале”, у час якога дзеці навучыліся правільна завязваць салдацкі рэчавы мяшок, прымералі на сябе салдацкую каску, пабывалі ў ролі камандзіра і паспрабавалі зрабіць запісы ў баявым журнале. Нечаканым для кожнага вучня было заданне “Гісторыя аднаго экспаната”. У музеі прадстаўлены дзесяць раздзелаў, і кожны вучань павінен быў выбраць экспанат з любога раздзела, якія яму найбольш падабаецца, і расказаць аб ім як мага больш. Літаральна праз хвілін пяць кожны вучань стаў экскурсаводам і з поўнай адказнацю расказаў пра выбраны экспанат. Вельмі спадабалася такое заданне юным краяведам.
Выхаванцы лагера заўсёды шмат падарожнічаюць пад дэвізам “Ганарымся Беларуссю, любім Беларусь, падарожнічаем па Беларусі”. І гэта – яшчэ адна з традыцый. Спачатку мы адправіліся ў Вялікую Бераставіцу, дзе наведалі Бераставіцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Праявіць творчасць, кемлівасць і спрыт вучні змаглі ў час квэст-гульні “Сцяжынкамі лета”, якую прапанавалі дзецям педагогі дадатковай адукацыі цэнтра. Затым мы пабывалі ў музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы. З вялікім інтарэсам і здзіўленнем вучні слухалі экскурсавода М.І.Пацэнку, які вельмі падрабязна расказаў аб асаблівасцях экспанатаў музея.
У наступны дзень мы адправіліся на экскурсію ў г.Гродна. Адным з адкрыццяў дня вучняў стала наведванне музея Э.Ажэшка. Музей прадстаўлены ў двух пакоях, але колькі новага, цікавага і неардынарнага расказваюць экспанаты музея аб жыцці і творчасці выдатнай паэткі. Экскурсія прайшла ў інтэрактыўнай форме, дзецям нават было прапанавана наведаць кнігасховішча, якое размяшчаецца ў падвале і змяшчае творы Э.Ажэшка. “Вось бы нам такое ў школу!” – па-добраму пазайздросцілі дзеці. Пасля наведвання музея мы пабывалі ў парку імя Жылібера. Пасля г.Гродна наш экскурсійны маршрут прадоўжыўся ў агратурыстычным комплексе “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”. Тут можна было паназіраць за разнастайнымі жывёламі і птушкамі, праехаць вярхом на кані, наведаць майстэрні рэзчыка па дрэве і каваля, хатку Бабы-Ягі, музей прыроды, “палятаць” на Змеі-Гарынычы, і набыць памятныя сувеніры. Пабывалі мы і ў гісторыка-культурным комплексе “Гродзенская крэпасць – партызанскі лагер”, дзе наведалі замлянкі камандзіра атрада, камісара і медсанчасць, зямлянку радыста, зброевую майстэрню, хату лясніка, партызанскую сталовую і партызанскую школу.
Традыцыйным для лагера з’яўляецца паход ў лясны масіў непадалёку ад вёскі Сямёнаўка. Тут прадаўжаецца жыццё ў палатках, але ў лесе, і менавіта тут дзеці набываць і выпрацоўваюць новыя ўменні і навыкі, неабходныя краяведам-турыстам. У першы дзень паходу пасля разбіўкі лагера, смачнага абеду, прыгатаванага на вогнішчы, мы адправіліся на пагранічную заставу “Сямёнаўка”. На заставе дзяцей пазнаёмілі з побытам парганічнікаў, дзеці навучыліся разбіраць і збіраць аўтамат Калашнікава, патрымалі ў руках іншыя прадметы, якімі карыстаюцца пагранічнікі пры нясенні службы. Пры наведванні пакоя для адпачынку дзецям дазволілі паляжаць на салдацкім ложку, вось гэта было нечакана і незычайна. Надзейным сябрам пагранічніка з’яўляецца сабака. Дзе ўтрымліваюцца сабакі, як адбываецца дрэсіроўка сабак і затрыманне парушальнікаў граніцы – за ўсім гэтым, затрымаўшы дыханне, з задавальненнем сачылі дзеці.
А далей прадаўжалася жыццё ў лясных умовах. Дзяцей чакалі лясныя прыгоды, конкурсы і спаборніцтвы. У ходзе праходжання паласы перашкод вучні паказалі ўменні перапраўляцца на іншы бок пры дапамозе вяроўкі, пераадольваць круты пад’ём, без памылак прабірацца праз мышалоўку, беспамылкова завязваць восем турыстычных вузлоў, правільна захоўваць запалкі на выпадак дрэннага надвор’я і хутка разводзіць вогнішча.
І вось надышоў час развітання. Настрой у дзяцей бадзёры, але адучаваўся невялікі смутак. Дзеці падзяліліся ўражаннямі аб сумесна пражытых днях у лагеры. “Было цікава ўсё: мерапрыемствы, конкурсы, акцыі, экскурсіі, паходы. Мы многаму навучыліся, шмат чаго даведаліся, зрабілі для сябе новыя адкрыцці. Але ёсць адзін недахоп у лагера – толькі дзевяць дзён, няхай жа ён доўжыўся хоць бы месяц”, – так выказаліся дзеці.
Вікторыя Кісялеўская, дырэктар палатачнага лагера “Краяведы”