“Масалянскія салаўі-2012” сабралі прыхільнікаў паэзіі з Гродзеншчыны

Актуально Лента новостей

19 мая ў Масалянах сабраліся прыхільнікі і аматары паэзіі з самых розных куткоў Гродзеншчыны. Нагодай стаў другі адкрыты раённы фестываль паэзіі “Масалянскія салаўі-2012”.
Здавалася, у гэты дзень сама прырода спрыяла арганізатарам мерапрыемства: пасля шэрагу халодных і дажджлівых дзён урэшце, як па заказу, усталявалася сонечнае надвор’е. Таму нішто ў гэты дзень не перашкаджала ўдзельнікам фестывалю атрымліваць асалоду ад жывапісных краявідаў і вершаванага слова. Дарэчы, сёлета на фестываль завіталі госці з Гродна, Ваўкавыска і Свіслачы. У іх ліку — старшыня праўлення Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч, начальнік аддзела адукацыі аблвыканкама Аляксандр Сягоднік, члены літаратурных аб’яднанняў.
Святочны і бадзёры настрой усім напачатку мерапрыемства стварыла выступленне духавога аркестра “TUTTI” Бераставіцкай ДШМ. Пільную ўвагу ўсіх таксама прыцягнулі выставы работ бераставіцкіх мастакоў Мікалая Жлабовіча і Андрэя Втарушына.
Распачаўся фестываль з экскурсіі па Масалянскай сядзібе, пасля якой госці “перамясціліся” на два стагоддзі назад падчас прэзентацыі “Таямніца Масалянскай капліцы”. Яе паказалі маладыя педагогі Масалянскага ясляў-сада-сярэдняй школы. Настаўніцы расказалі пра жыццёвы шлях пісьменніцы Наталлі Кіцкай (маецца меркаванне, што каплічка ў Масалянах пабудавана менавіта ў яе гонар).
Затым свята прадоўжылася ў Масалянскім доме культуры. Свае першыя спробы пяра тут зачытвалі юныя паэты — вучні з усіх школ раёна. Так, у выкананні Марыны Праневіч з Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы, Дзіяны Цыдзік з Кватарскага ясляў-сада-базавай школы, Вольгі Кузьмы з Малабераставіцкай СШ, Яна Пясецкага з Паплаўскага ясляў-сада-базавай школы і Алены Максімік з Масалянскага ясляў-сада-сярэдняй школы гучалі вершы аб родным краі. У сваіх радках хтосьці з іх усхваляў прыгажосць Бераставіччыны, іншы ж — захапляўся беларускай мовай. Ганаровыя пасведчанні ўдзельнікаў фестывалю школьнікам ўручыў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Чыкун. Вучаніца Вялікабераставіцкай СШ Агаф’я Тапарыўская прачытала верш, прысвечаны маці, а Анастасія Сілкова са Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы, Павел Буры з Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы і Анастасія Конік з гімназіі аг.Пагранічны дэкламавалі вершы ўласнага сачынення аб прыродзе. Вершы аб школе і дзяцінстве — жартлівыя і сур’ёзныя — чыталі Вольга Кузьма з Малабераставіцкай СШ, Дзіяна Кшнякіна з Пархімаўскай БШ і Надзея Курыла з Алекшыцкай СШ.
Юных удзельнікаў фестывалю павіншаваў кіраўнік аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” Аляксандр Кудзеля. Ён пажадаў ім далейшых творчых поспехаў і на памяць аб гэтым дні ўручыў падарункі Анастасіі Сілковай, Кацярыне Лях і Надзеі Курыла.
Пасля прывітальнага слова старшыні праўлення Гродзенскага ад-дзялення Саюза пісьменікаў Беларусі Людмілы Кебіч паэтычную эстафету перанялі ўдзельнікі творчых аб’-яднанняў Гродзеншчыны: паэтычнае аб’яднанне “Надзея” з г.Гродна, члены ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, дэлегацыі творчай інтэлігенцыі Гродзенскага раёна, Свіслачы і Ваўкавыска.
Паэтычную Бераставіччыну прадстаўляла Галіна Румак. Яна расказала гісторыю стварэння свайго першага паэтычнага зборніка “Вачыма берасцянкі”, які нядаўна пабачыў свет. Вершы паэткі дэкламавалі вучні мясцовай школы.
Вершаваныя чытанні былі дапоўнены музычнымі нумарамі ў выкананні майстроў мастацкай самадзейнасці — Алега Зайцава, Уладзіміра Макара, Веранікі Хлістоўскай і ансамбля песні “Верацейцы” — а таксама школьнікаў Ангеліны Раманчук, Лізаветы Дубіцкай, Анжалікі Ігнатовіч, Анастасіі Марэцкай, Вадзіма Баярчука і Віялеты Шуміла.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *