Марыя і Віталь Астравухі. Быць разам і ў радасці, і ў горы…

Лента новостей

–Як адшукаць мне вас? – пытаюся па тэлефоне ў Марыі Мікалаеўны.
–А мы ў старой вёсцы жывём, гэта як павернеце ў цэнтры Алекшыцаў на Падбагонікі, дык і едзьце, пакуль не ўбачыце на адной з хат нумар 81,– тлумачыць жанчына. І тут жа трывожыцца: “Гэта чаму якраз пра нас з Віталем маім пісаць надумалі? Ну, пражылі мы з ім ужо паўвека, дык ці ж мы адны? Цяжка жылі, гэта праўда. З малога жызня ў работу ўпрагла. Ды і шчасце наша сямейнае ідзе ў абдымку з такім ужо вялікім горам … Але вы, пэўна ж, не ведаеце…?”
Я ведаю. І ў госці да Марыі Мікалаеўны і Віталя Антонавіча Астравухаў напрошваюся не з-за ўласнай прыхамаці. “Раскажыце пра гэтых людзей, — папрасілі аднавяскоўцы. – Ім спатрэбілася шмат мужнасці, каб не зламацца і не ачарсцвець душою. А яшчэ яны вельмі працавітыя, і дзяцей сваіх заўсёды вучылі не баяцца мазалёў на руках.
Што гэта праўда, я ўбачыла адразу за веснічкамі. Красавік яшчэ палохаў халадамі, а палісаднік быў гэтак ужо акуратна перакапаны і ўпарадкаваны, што на яго і без кветак можна было любавацца. Агарод забараваны, на акуратных загонах – роўныя радочкі з насеннем ранняй гародніны…

“Добры дзень, мае харошыя…”
У самым светлым пакоі, пакуль вокны тут яшчэ па-зімоваму падвойныя, вазоны стаяць на фарбаванай падлозе, плятуцца-звісаюць са сцен, нават столі. Ім тут прывольна і ўтульна: кафляны бок печкі дыхае цяплом, а цераз шыбіны трох вокнаў весела льецца красавіцкае святло. На гэтыя кветкі, на стол з крэсламі пасярод пакоя і сервант з няхітрым вясковым скарбам глядзяць з вялікіх партрэтаў прыгожыя хлопец з дзяўчынай. Саша і Валя, сын і дачка Астравухаў. Ім тут па дваццаць і васямнаццаць. Такімі і засталіся назаўсёды…
Татка і матуля штораніцы заходзяць у гэты ціхі і самы светлы пакой хаты, каб павітацца са сваімі дзеткамі, расказаць ім пра сябе, пра тое, што новага ў іх сясцёр і пляменнікаў, якімі сталі цяпер Алекшыцы. Не дай Бог нікому і ніколі весці падобныя размовы…
З часам боль прытупіўся, стаў не такім вострым, але падчас гэтак ужо моцна цісне за сэрца. Заўважаю, як трымцяць, аж падскокваюць на стале, рукі Віталя Антонавіча – трыццаць гадоў ужо трымцяць, з той самай пары, калі першым не стала Сашы.
Ён танкістам быў. Другі год ужо даслужваў у складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войск у Германіі. “Адтуль, недзе з-пад Одэра, радасна пісаў нам: чакайце праз дзесяць дзён дамоў!” – выцірае слёзы Марыя Мікалаеўна. Але…
Але выпадковасць падчас адыгрывае празмерна страшную ролю ў чалавечым жыцці… Я таксама помню той верасень 82-га, калі па вёсках разнеслася горкая чутка: у Алекшыцы ў цынкавай труне прывезлі салдата.
У пакоі павісае цішыня. Спыняю позірк на ваеннай фуражцы, што вісіць на цвіку паміж партрэтамі. Марыя Мікалаеўна здымае яе, тулячы да грудзей, гладзіць. Ад частага дотыку матчыных пальцаў на тканіне відаць сляды. Усё, што засталося ёй ад сына і дачушкі – вось гэтая фуражка, фотаздымкі. І памяць, і ўспаміны…
–Нашы дзеткі працавітыя, добрыя,–Марыя Мікалаеўна знаходзіць сілы для гутаркі. Пяцёра нарадзілі і выхавалі, Саша старэйшым, адзіным сыночкам быў, услед за ім нараджаліся дзяўчынкі.
На электрыка сын вывучыўся, там, у Гродне, і рабіў на заводзе. Нечакана танцамі захапіўся. Кажа неяк: “Мяне, мама, у самадзейны танцавальны калектыў узялі. Там такія танцоры спраўныя, каб ты бачыла. І я так хачу навучыцца”. Дзяўчыну , казаў, меў, танцавалі яны разам.
–Правільна, сынок, –ухваліла яго я. – Рада, што сябры ў цябе добрыя. Вунь якую прыгожую электрагітару на дзень нараджэння падарылі.
Сашку нашага любілі, быў кампанейскім, шчырым.
–Як у войска яго праводзілі, то да нас ці не ўвесь той калектыў танцавальны прыехаў, — кажа Віталь Антонавіч. – «Ручаёк» ён тады называўся, потым у “Раніцу” перайменавалі.
–А калі загінуў Сашачка – у апошні шлях праводзіць яго прыехалі, — дадае, выціраючы слёзы, Марыя Мікалаеўна. – Ды такую ўжо сумную мелодыю ігралі, што нашы сэрцы, здаецца, на кавалачкі разрываліся. Мора людзей прыйшло на пахаванне, і ўсе плакалі.
Дачушка Валя ў самым росквіце жыцця – ёй усяго сямнаццаты гадочак ішоў – цяжка захварэла. І лячылі яе, і ратавалі. Але не здолела акрыяць ад той хваробы. Хавалі Валю праз паўтары гады пасля Сашы…
Ці ёсць на свеце такая мерка, якою можна змераць бацькоўскае гора? Віталю Антонавічу і Марыі Мікалаеўне здавалася, што не толькі свет вакол спахмурнеў, а і жыццё спыніла свой адвечны бег. Сэрцы іх як скамянелі, а душы – здранцвелі. Сёння абое не могуць растлумачыць, як перажылі такое непасільнае выпрабаванне. І да гэтай пары не могуць зразумець, чаму, за што яно даецца бацькам? У вёсцы няма псіхолагаў, навучаных лячыць душу, дапамагаць чалавеку не зламацца. Яны самі былі адзін для другога такімі псіхолагамі. “Калі бачыла: Віталь настолькі задуменны, што і ў рукі не тое ўзяў, і ідзе не туды, куды сабраўся, то прашу, бывала, яго прысесці ды размаўляю-разважаю як умею, — расказвае Марыя Мікалаеўна. – А ён мяне падтрымліваў, не дазваляў дзень і ноч плакаць.
А яшчэ, вядома, сілы чэрпалі бацькі ў сваіх дачушках – Зоі, Галі і Танечцы, ва ўнуках, якіх сёння маюць адзінаццаць, а яшчэ–траіх праўнукаў.
–Якое шчасце, што яны ў нас ёсць, — кажа бацька. – Інакш для каго, для чаго тады было б нам жыць?
Я слухаю іх і, здаецца, толькі цяпер да канца разумею сэнс слоў, якія гаворацца пры вянчанні: “Быць разам і ў радасці, і ў горы”. Віталь Антонавіч і Марыя Мікалаеўна папалам дзеляць усе выпрабаванні, і ў гэтым яскрава праяўляецца вялікая сіла іх узаемнага пачуцця. Бо ў радасці, як вядома, лёгка кахаць, быць добрым і чулым. А вось у горы…
— Ведаеце, жыццём мы ніколі не былі абласканы, ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве,– кажа нечакана гаспадар. – Абое раслі гаротнікамі, нічога добрага з той пары і не ўспамінаецца.
“Той пажар зрабіў нас жабракамі”
… Яны з розных вёсак: ён – з Пескаў, яна – з Валотыні. Віталю ўсяго 3 гады было, як памерла матуля. Татка біўся-біўся, бы рыба аб лёд, і ў хаце, і па гаспадарцы. Ды не даў рады адзін з усім управіцца і праз сем гадоў ажаніўся. Узяў маладую кабету, нарадзілі з ёю чацвёра дзетак. Так пасынак Віталік стаў нянькай, а падрос трохі – у мужчынскую работу жыццё ўпрэгла. Татка быў брыгадзірам, то даў каня, і хлопец з 15-ці гадоў араў, сеяў, баранаваў.
— Мне ж дзяцінства тым страшным пажарам помніцца, што ледзь не ўсе нашы Валотыні злізаў. Вёска доўгая, а ад яе толькі адзін “хвосцік” застаўся – хат пятнаццаць, — уздыхае, таксама паддаўшыся ўспамінам, Марыя Мікалаеўна. – Дахі саломай, трыснёгам крытыя, – сарве, перанясе іх ветрам і ляпне аж на трэці-чацвёрты дах. Так і палалі хаты, як свечкі. Маміна сястра прыбегла з крыкам: “Верка, гарым!” Мы ў чым стаялі, у тым выбеглі. А вуліца вузкая, брукоўка так накалілася, што і пажарная праехаць не магла – калёсы плавіліся. Згарэла і наша хата з нажыткам. Я, сямігадовая, не разумела яшчэ ўсяе трагедыі, помню толькі, як плакала – ўбівалася па сваёй любіміцы – курачцы-чубатцы.
Мама хадзіла жабраваць у суседнія вёскі. Мы з ёю ўдзвюх жылі, у яе была пасля траўмы хворая нага. Доктар Доха зрабіў аперацыю, але рабіць мама не магла. Каму агарод паполе, каму што – кольвек у хаце дапаможа – на тое і жылі. А як я падрасла, то не ў школу, а на работу пайшла. У Вялікіх Эйсмантах мы жылі, тры сям’і пагарэльцаў у адной хаце. Старшыня калгаса Варанецкі розуму не мог прыкласці, куды ж прыткнуць такую малалетнюю работніцу, як я. Каля сцірты была – далоні ад вілаў крывавымі мазалямі пакрыліся. Пашкадавалі, свінаркай прызначылі. Траву касіла, возам вазіла, сечку з яе рэзала… Цяжка прыйшлося майму пасляваеннаму пакаленню. Помню, у сілу трохі ўвабралася, то даяркай на кароўнік папрасілася. І што? Думала, не вытрываю, пакуль трохі не ўцягнулася. Ці лета, ці зіма – у чатыры раніцы ўстаеш і ідзеш на тую ферму. А міма ж могілак – ціха вакол, толькі пад месяцам крыжы блішчаць. Маладая была, баялася: прабягу міма віхрам – і за работу. Радзюшку з сенажом на плечы, жом з ямы – зноў, ды чым паболей бярэш, каб малако было. Гной той ваганеткай вязеш, а яна зляціць з рэйкаў–кліч тады падмогу. Рукамі даілі, не раз ад недасыпу і стомы засынала пад той каровай. І так во тройчы на дзень бяжыш на ферму, дзень пры дні, без адпачынку, без перадыху. Даільныя апараты потым з’явіліся. І даяркі падменныя. То гэткая ўжо палёгка была, што й не расказаць вам якая! Але ніхто тады не скардзіўся, рабілі на сумленне, як для сябе. А як жа? Зарабіць трэба было – дзеці ж ва ўсіх падрасталі. У нас з Віталем во ўзяць: пяцёра адно пад адным. А на каго спадзявацца будзеш? Не было на каго ні ў мяне, ні ў яго. Ён летам кароў пасвіў, зімой карміў, а я даіла. Усё ад саміх, ад свайго старання залежала.
… Калі Марыя выйшла замуж за свайго Віталя, то хоць і маладзенькую па гадах, але вопытную і вельмі руплівую даярку прыдбаў калгас імя Леніна, а дакладней, Алекшыцкая ферма. Тут і працавала яна да самой пенсіі, і нават атрымаўшы яе. Медаль “За працоўную доблесць” мае.
“Адчыніў дзверы – і застыў на парозе”
— Як жа вы з Віталем Антонавічам адшукалі адзін аднаго? – цікаўлюся. – Жылі ж няблізка.
— А ў Валотынях вяселле было, — ажыўляецца ўспамінам гаспадыня. – Я і прыйшла сюды ў госці да стрыечнай сястры. А зноў адчыняюцца дзверы – заходзіць мой стрыечны брат Віця ды з нейкім хлопцам. Сястра за стол усіх запрасіла. Сяджу і пазіраю на незнаёмца: сціплы, гарэлку п’е мала.
— А я як адчыніў дзверы ў хату, дык і застыў на парозе: якая дзяўчына пекная на лаве сядзіць! Што твар, што валасы кучаравыя! Потым цішком пытаюся ў Віці: “Хто гэта?”
Так яны сустрэліся, каб потым быць разам усё жыццё.
— Пажаніцца то пажаніліся, а дзе, за што жыць? – Марыя Мікалаеўна горка ўздыхае.
— Ну, тады ўсе жылі за мазолісты рубель,— папраўляе яе гаспадар.—І ў нас жа рукі работы не баяліся. А дзе жыць?—то гэта ты праўду кажаш. Як цыганы тыя, не раўнуючы, едзілі…
—Хатку во тут, непадалёк, купілі. Танную, маленькую, як на першы час,— расказвае гаспадыня.—А потым ужо і гэтую, прасторную, расстараліся. Трыццаць сем гадоў у ёй жывем.
За цягавітую працавітасць паважалі і паважаюць Астравухаў у вёсцы, у сельгаскааператыве. І падчас кажуць пра іх: “трудоголики”. А яны і дзяцей сваіх навучылі спадзявацца найперш на сябе, свае ўласныя рукі і сілу.
На сустрэчу з прэзідэнтам
Усе тры дачушкі выйшлі замуж. Зоя жыве ў Малой Бераставіцы, у яе сям’і чацвёра дзяцей. Муж, Леанід, механізатар, і ў сельгаскааператыве задаволены яго работай. І ў Галіны харошая сям’я, у яе з мужам таксама чацвёра дзетак. Малодшая дачушка яшчэ маленькая, і мама знаходзіцца ў водпуску па яе догляду. А ўвогуле, яна працавала на комплексе, на дарошчванні бычкоў. Там жа – і муж Галіны, ён рабочы, гатуе для жывёлы корм. Сям’я жыве ў кватэры сельгаскааператыва. А вось Танечкіна—у катэджы.
Вельмі руплівая працаўніца яна, Таня,—самая малодшая дачушка Астравухаў. І муж яе, Генадзь Ярмалінскі, быў старанным, умелым трактарыстам—рыхтаваў глебу, садзіў бульбу, сеяў, касіў… Як горка пісаць гэтае слова: “быў…” Жыццё Генадзя два гады таму абарваў няшчасны выпадак. І зноў гора прыйшло ў сям’ю Астравухаў, якое таксама трэба было агорыць, знайсці сілы, каб перажыць. Малодшаму дзіцяці Тані і Генадзя не было тады і двух гадкоў.
— Яна, Танечка, цялятніца,— кажа матуля.—І так ужо сваю работу любіць! Спачатку зусім маленькіх цялятак даглядала, цяпер—большых. Я ведаю, як гэта нялёгка і няпроста. А ў яе—атрымліваецца, добра набіраюць вагу. І ў кааператыве нашу Таню цэняць, паважаюць, то і нам, бацькам, ці ж не прыемна гэта? Некалькі гадоў таму разам з другімі прадстаўніцамі ад вобласці яна ездзіла перад 8-га сакавіка ў Мінск, на святочную сустрэчу з Прэзідэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Мы па тэлевізары глядзелі. Фотаздымкі з той сустрэчы прывязла, а колькі ўражанняў прыемных апавядала!
“Жыццё пражыць—не поле перайсці”, — кажуць людзі. Каму, як не Віталю Антонавічу і Марыі Мікалаеўне, ведаць гэта? А яшчэ яны ведаюць: усе нягоды і радасці трэба дзяліць пароўну, гэта дае сілы несці “жыццёвы крыж”.
Марыя Драпеза, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *