Кожны з нас праводзіць свой вольны час па-рознаму. Для кагосьці найлепшы адпачынак дома, за праглядам любімых тэлеперадач ці чытаннем кніг, хтосьці любіць бавіць час у Інтэрнэце, іншыя ж выбіраюць актыўны адпачынак на прыродзе ці заняткі спортам. Так, як Аляксей Раманчук (на здымку), у якога галоўнае захапленне – лёгкая атлетыка, ці дакладней, бег з бар’ерамі.
Аляксею 15 гадоў, ён закончыў дзевяць класаў Вялікабераставіцкай СШ. Лёгкай атлетыкай займаецца ўжо больш за 4 гады, пачынаў яшчэ ў той час, калі жыў ва Украіне, наведваў там лёгкаатлетычную спартыўную школу, многа трэніраваўся.
Калі прыехаў у Вялікую Бераставіцу, са спортам развітвацца не захацеў, а займацца вольнай барацьбой, на якой спецыялізуецца наша спартыўная школа, у Аляксея асаблівага жадання не было. Таму бацька знайшоў выхад і два разы на тыдзень стаў вазіць сына ў Ваўкавыск, на трэніроўкі ў дзіцяча-юнацкую спартыўную школу па лёгкай атлетыцы.
Займаецца Аляксей бегам з бар’ерамі і паказвае вельмі добрыя вынікі. Відаць, што заняткі і трэніроўкі не праходзяць дарма. Ён прымаў удзел у самых разнастайных спаборніцтвах, пабываў практычна ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі.
Нядаўна Аляксей вярнуўся з першынства Беларусі па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 1997 – 1998 гадоў нараджэння, якое праходзіла 28 – 29 чэрвеня ў Гродне на цэнтральным спартыўным комплексе “Нёман”. У спаборніцтвах прымалі ўдзел лепшыя юныя атлеты з ўсёй краіны, сапернікі былі вельмі моцнымі. Але тым не менш, Аляксей здолеў здабыць перамогу і стаць чэмпіёнам рэспублікі, заняўшы першае месца ў бегу на 300 м з бар’ерамі. У мінулым годзе на такім жа першынстве ў Мінску ў яго былі два трэціх месцы, але за год ён здолеў умацаваць сваю форму і палепшыць свае вынікі. За перамогу юны спартсмен атрымаў медаль, грамату і грашовую прэмію ў памеры 300 тысяч рублёў, што таксама не малаважна для школьніка.
Цяпер Аляксей збіраецца паступаць у політэхнічны каледж і мае замер працягваць свае заняткі лёгкай атлетыкай. У яго ёсць запаветная мара — паехаць на летнія Алімпійскія гульні, якія адбудуцца ў Рыа-дэ- Жанэйра. Юнак лічыць, што пры пастаянных трэніроўках і добрых выніках у яго ёсць шанс трапіць у склад зборнай. Таму мае намер не адступаць ад задуманага.
Ірына Міклаш, фота аўтара