Бяспека працы па-ранейшаму знаходзіцца ў полі зроку ў гаспадарках раёна. А нядаўна адбыўся адпаведны маніторынг у аграфірме “Стары Дворац”. Мне давялося пагутарыць з вядучым інжынерам аддзела надзейнасці і аховы працы РУП “Гроднаэнерга” Андрэем Зубелем, які праводзіў гэтае актуальнае мерапрыемства. Разам з інжынерам па ахове працы і пажарнай бяспецы Віктарам Аўгусціновічам яны праверылі, як захоўваюцца неабходныя патрабаванні па бяспецы працы на вытворчасці і вядзенне адпаведнай дакументацыі. Увага надавалася таксама растлумачальнай рабоце, змястоўным кансультацыям па актуальных пытаннях.
Зараз у гаспадарках раёна інтэнсіўна вядуцца палявыя работы. Кожны працаўнік на сваім месцы павінен прытрымлівацца неабходных патрабаванняў бяспекі, каб не дапусціць няшчасных выпадкаў. У рэспубліцы рэгіструюцца факты гібелі людзей і нанясення шкоды здароўю на вытворчасці. Каб узняць дасведчанасць аграрыяў, у гаспадарках сістэматычна праводзяцца інструктажы, даводзяцца да іх ведама разнастайныя інфармацыйныя лісты аб няшчасных выпадках і прычынах, якія да гэтага прывялі. Не сакрэт, што пільнасць чалавека пры выкананні работ з’яўляецца галоўнай умовай прафілактыкі, і пагарджаць гэтым нельга. За кожным працаўніком вартавога не прыставіш, людзі самі павінны быць адказнымі. У аграфірме “Стары Дворац” ёсць добраўпарадкаваны клас па ахове працы, дзе можна прачытаць розную карысную і цікавую літаратуру, часопісы са змястоўнымі публікацыямі, прысвечанымі бяспецы працы.
Маніторынг паказаў, што ў аграфірме з адказнасцю падыходзяць да аховы працы. Тым не менш, былі зроблены некаторыя абгрунтаваныя заўвагі, а выяўленыя недахопы ў аграфірме ўжо тэрмінова выпраўлены. Такія праверкі на месцах вельмі карысныя, бо “свежае вока” часта бачыць і тое, да чаго людзі прызвычаіліся і нават ужо не заўважаюць…
На здымку: Віктар Аўгусціновіч і Андрэй Зубель