Мануфактура Мнішкаў у Бераставіцы

Из истории земли Берестовицкой Культура

Аб дзейнасці ткацкай мануфактуры ў Вялікай Бераставіцы ў сярэдзіне ХVІІІ ст. мала хто ведае з бераставічан альбо не ведае зусім. Няма звестак пра яе і ў беларускай навуковай літаратуры. Звесткі пра гэта можна знайсці толькі ў біяграфіі тагачаснага ўладальніка мястэчка Ежы Аўгуста Мнішка (1715-1778), што змешчаны ў кнізе “Польскі слоўнік біяграфічны”( Том ХХІ/3, Варшава, 1976). Гэта крыніца пакуль што адзіны пісьмовы ўпамінак аб дзейнасці бераставіцкай мануфактуры, у якой быў наладжаны выпуск залотнай тасьмы (пазумента). Другой крыніцай , але ўжо выяўленчай, з’яўляецца сам герб мястэчка Вялікая Бераставіца 1754 года, які аздоблены вырабамі з гэтай мануфактуры.

Васямнаццатае стагоддзе ў гісторыі Беларусі адметнае працэсам станаўлення мануфактурнага прадпрыемства. Прычым манаполія цэхаў на гарадскіх рынках абумовіла размяшчэнне мануфактур у малых гарадах і мястэчках, якія з’яўляліся магнацкімі ўладаннямі. Такія магнаты Рэчы Паспалітай, як Радзівілы, Сапегі, Мнішкі, Агінскія, пачалі адкрываць у сваіх уладаннях мануфактуры па вырабу разнастайнай прадукцыі (са шкла, кафлю, тканіны, паперу, шпалеры, дываны і інш.). Кіравалі работай як замежныя, так і мясцовыя майстры. Напрыклад, у першай палове ХVІІІ ст. Ганна Радзівіл заснавала ў маёнтках Налібокі і Урэчча (Мінская вобл.) мануфактуры па выпуску мастацкага і бытавога шкла (люстэркі, келіхі і інш.). У 1750-ых гадах Міхал Радзівіл заснаваў ткацкія мануфактуры ў Карэлічах (Гродзенская вобл.), дзе вырабляліся шпалеры і дываны, і ў Нясвіжы, дзе ткаліся паясы. З 1786 года пачалі дзейнічаць суконная і палатняная фабрыкі Аляксандра Сапегі ў Ружанах (Брэсцкая вобл.).
Канец 1740-ых — пачатак 1750-ых гадоў адзначаны дзейнасцю ткацкай мануфактуры ў Вялікай Бераставіцы (Гродзенская вобл.). Фундатарам яе стаў тагачасны ўладальнік мястэчка Ежы Аўгуст Мнішак, маршалак надворны каронны. Асоба выбітная і ўплывовая ў палітыцы Рэчы Паспалітай сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя. Між іншым, Ежы Аўгуст ініцыяваў наданне магдэбургскага права Вялікай Бераставіцы. Ен з’явіўся аўтарам герба мястэчка (1754), куды і змясціў прадукцыю бераставіцкай мануфактуры (на здымку). Бо лічыў гэтае прадпрыемства значным для мястэчка, якое атрымала назву “Вялікая”. Авальны шчыт герба ўпрыгожаны картушом з арнаментаванай тканінай накшталт пояса. Сярэдняе поле гэтага пояса запоўнена касой сеткай з кружочкамі ў цэнтры. Па баках пояса бардзюры з палоскамі. Прыклад такога арнаменту можна знайсці на шаўковых паясах са Слуцка. Але гэта параўнанне толькі ўмоўнае.
Першыя ткацкія мануфактуры па вытворчасці шаўковых паясоў з’явіліся на тэрыторыі Беларусі ў радзівілаўскім Нясвіжы, адкуль у 1751-53 гадах мануфактура была пераве-дзена ў Слуцк. Але раней, у 1740-ых гадах, у Слуцку ўжо існавала радзі-вілаўская мануфактура па выпуску пазументаў, галуна і іншых залотнаткацкіх вырабаў. Гэтая пазументная мануфактура і стала асновай для знакамітай Слуцкай шаўкаткацкай фабрыкі. Яна таксама аказала свой уплыў і на станаўленне вытворчасці пазументаў (залотнай і срэбнай тасьмы) у Вялікай Бераставіцы. Уладальнік гэтага мястэчка Ежы Аўгуст Мнішак наведваў радзівілаўскія мануфактуры ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя і быў у захапленні ад іх. І нездарма “Польскі слоўнік біяграфічны” (Том ХХІ/3, В.1976) адзначае ў біяграфіі Е.А. Мнішка: “Не забываў ён свой гданьскі дом, прывозіў рэчы хатняга ўжытку з радзівілаўскіх мануфактур, фінансаваў тую ж працу вядомую ў сваёй дзедзічнай Бераставіцы каля Гродна”. «Вядомай працай» у ХVІІІ стагоддзі лічылася трыманне мануфактуры ва ўласных маёнтках.
Што ж выраблялася ў бераставіцкай мануфактуры? Зыходзячы з малюнка герба Вялікай Бераставіцы, што захаваўся на пячатцы 1754 года, а таксама вывучэння літаратуры з выявамі паясоў, адзення і тканіны ХVІІІ стагоддзя можна зрабіць выснову: мануфактура займалася мастацкім аздабленнем адзення і тканін вышыўкай з выкарыстоўваннем пазументаў, бліскавак, залотных нітак, а таксама стужак, тасьмы, вітых шнуркоў, якія з’яўляліся прадукцыяй гэтай мануфактуры. У фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь захоўваецца рэлігійнае адзенне — далматыка сярэдзіны ХVІІІ ст., якая аздоблена стужкамі і залотнай тасьмой з бераставіцкай мануфактуры.
З’яўленне далматыкі ў Бераставіцы пацвярджае той факт, што ў 1741-47 гадах пасля пажару быў адноўлены ў мурах касцёл Звеставання Прасвятой Дзевы Марыі. Інтэр’ер касцёла аздаблялі замежныя майстры з Германіі і Італіі. Узнікла патрэба і ў рэлігійным адзенні для служачых касцёла. На дапамогу прыйшла ткацкая мануфактура Ежы Мнішка, якую ён заснаваў у Бераставіцы ў сярэдзіне ХVІІІ ст.
Далматыка зроблена з атласнай тканіны памерам 102х99 см. Яе цэнтральная частка – калона — аздоблена вышыўкай, якая супадае з малюнкам тканіны на бераставіцкім гербе 1754 года! Тое, што на картушы бераставіцкага герба з’яўляецца малюнкам у выглядзе касой сеткі з кружочкамі і паласатай стужкай па краях – ёсць элементы вышыўкі залотнай тасьмой, ніткамі і бліскаўкамі на паверхні тканіны, якая выкарыстана ў рэлігійным адзенні далматыкі (на здымку). Павялічаны малюнак бліскаўкі ў выглядзе кветкі таксама прысутнічае на бераставіцкім гербе.
Пры дэтальным аглядзе ўсяго картуша бераставіцкага герба можна адзначыць наступнае: авальны шчыт упрыгожаны двума відамі стужак (шырокай і вузкай). Прычым, шырокая стужка вылучаецца ўмоўным узорам, даўжынёй і разнастайнымі паваротамі. А вузкая стужка кароткая, часта абрываецца і па характары свайго малюнка нагадвае літару “М” – імя ўладальніка мануфактуры Мнішка Е.А. (на здымку). У гісторыі геральдыкі ВКЛ маецца прыклад гарадскіх гербаў з манаграмай уладальнікаў мястэчак. Гэта слуцкі герб “Пегас” (ХVІІ ст.). На спіне крылаты конь нясе пояс-гуньку з манаграмай “RD” (Radivil Dux) – князь Радзівіл, уладальнік Слуцка і ткацкай мануфактуры (ХVІІІ ст.), якая стала прыкладам для адкрыцця Мнішкам Е.А. падобнай мануфактуры ў Бераставіцы.
Адсюль можна зрабіць выснову: у бераставіцкай мануфактуры вырабляліся пазументы (галуны). Пазумент – гэта залотная, срэбная альбо мішурная тасьма, якая нашываецца на форменнае адзенне (мундзір, далматыка і інш.). Пазументам таксама з’яўляецца залотная стужка, павязка, абшыўка, атарочка, галун і гас, якія выкарыстоўваліся ў аздабленні тканіны як элемент дэкору. Напрыклад, на сукенках, пакрывалах і на мэблі ХVІІІ стагоддзя.
Дзейнасць ткацкай мануфактуры ў Вялікай Бераствіцы можна акрэсліць часам валодання мястэчкам Ежы Агустам Мнішкам з 1747 па 1774 гады. Сама мануфактура можа мець назву “Пазументная”, згодна з малюнкам залотнай тасьмы (пазумента) на гербе мястэчка 1754 года як асноўнага вырабу. Невядома, хто працаваў на мануфактуры: пазуменшчыкі альбо пазуменшчыцы? Мясцовыя ці замежныя былі майстры? Адказы на гэтыя пытанні можна даць пасля вывучэння польскіх гістарычных архіваў ў Варшаве, Кракаве, Беластоку, а таксама гістарычных архіваў Літвы і Расіі.
Андрэй Втарушын,
выкладчык гісторыі мастацтваў Бераставіцкай ДШМ



1 комментарий по теме “Мануфактура Мнішкаў у Бераставіцы

  1. Артыкул цікавы. Заінтрыгаваў.
    Але пры ўсёй паваге да аўтара і да гісторыі Вялікай Бераставіцы хачу сказаць, што існаванне ў нашым мястэчку ткацкай мануфактуры ў мінулым малаверагодна з двух прычын:
    1) Большасць ткацкіх мануфактур, якія пачалі ўзнікаць у краі ў 18 стагоддзі, па сваёй сутнасці былі прыватнымі – заснаваныя і поўнасцю фінансавалісь іх уладальнікамі (магнатамі) з ўласнай кішэні. Не буду кранацца каралеўскіх мануфактур у Гродне. На гэтых феадальных прадпрыемствах выраблялісь розныя тавары (паясы, тыя самыя пазументы, галуны, панчохі, іншая галантэрэя, шкло, парцэляна, платэры – посуд з металаў, пакрытыя срэбрам, для дваровага і касцельнага ўжытку і г.д.). Прадукцыя ўяўляла сабой высакаякасныя мастацкі аформленыя прадметы, а нярэдка і сапраўдныя шэдэўры мастацтва. Яна была даволі дарагой, а яе вытворчасць па-сутнасці стратнай. Магнацкія мануфактуры не вытрымлівалі ў канкурэнцыі з больш арганізаванымі капіталістычнымі цэхамі гарадскіх вольных рамеснікаў і іх таннай масавай прадукцыяй і ў выніку зачынялісь.У большасці прадметы падобных феадальных мануфактур ішлі на патрэбы ўласнага двара. З гэтай прычыны мануфактуры адкрывалісь менавіта пры буйных магнацкіх (каралеўскіх) дварах (рэзідэнцыях), альбо недалёка ад іх. Дастаткова прыгадаць каралеўскія мануфактуры Гродне, мануфактуры ў Кабылцы пад Варшавай (персіярня Пасхаліса), Кракаве, радзівілаўскія ў Нясвіжы (Слуцку), Ружане, Сакалове на Падляшшы. Уладальнікі Бераставіцы Мнішкі таксама былі заможнымі ўплывовымі людзьмі. Але большасць іх зямельных латыфундый з шыкоўнымі рэзідэнцыямі (палацамі) і сакральнымі пабудовамі ляжала на поўдні Рэчы Паспалітай ў раёне Львова, Кракава і Любліна. У першую чаргу гэта былі Лашкі Мураваныя і Дукля, дзе былі вялікія двары і існаваў самы вялікі ў краіне прыватны (Мнішкаў) тэатр. Таму адкрываць мануфактуру, адарванай ад гэтых вялікасвецкіх двароў,і на вялікай адлегласці у невялічкім мястэчку Бераставіца, дзе замест шматпавярховага мураванага палацу ў той час стаяў невялікі драўляны дом (двор) яшчэ з часоў Хадкевічаў, было папросту немэтазгодна.
    2) Таксама немэтазгодна было адчыняць ткацкую мануфактуру з пункту гледжання канкурэнцыі ў атачэнні (блізасці) іншых ткацкіх мануфактур (персіярняў), такіх як каралеўскія мануфактуры ў Гродне, прыватныя ў Ружане ( узнікла пазней) і Сакалове на Падляшшы. Адносна недалёка знаходзіліся таксама радзівілаўскія Нясвіж і Карэлічы, а таксама падваршаўская Кабылка. Думаю, што мануфактурная прадукцыя у тыя часы завозілісь у Бераставіцу з іншых мясцовасцяў ( у тым ліку шаты – дарагое вышытае срэбрам адзенне для святароў і іншыя літургічныя прадметы).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *