“Малочныя рэкі” Бераставіччыны

Лента новостей

Вядомы ўсім, да таго ж і бясспрэчны факт: жывёлагадоўчая галіна забяспечвае фінансавую стабільнасць сельгаспрадпрыемстваў раёна. У перыяды складанай эканамічнай сітуацыі ў сельскай гаспадарцы адной з галоўных фінансавых крыніц заўсёды была і застаецца жывёлагадоўля, а ў прыватнасці – малочная галіна. Забеспячэнне высокай якасці малочнай прадукцыі, а таксама павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці – першасныя задачы, якія стаяць перад галіной і на якія накіравана дзейнасць усіх звёнаў занятых у гэтай сферы.
Цікава, што колькасць рэалі­заванага малака на Гродзеншчыне ў параўнанні з мінулым годам ужо павялічылася, узрасла і прадуктыўнасць кароў – са студзеня па верасень яна вырасла на 23 кілаграмы і склала 4045 кілаграмаў. Цешыць, канешне, што акрамя Гродзенскага, безумоўным лідарам па гэтаму паказчыку з’яўляецца і Бераставіцкі раён.
Добрае пацвярджэнне таму – лічбы ў справаздачы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама аб вытворчасці малака.
У першую чаргу трэба адзначыць, што валавы надой па раёне павялічыўся больш чым на 13000 цэнтнераў і за адзінаццаць месяцаў бягучага года склаў звыш 650000 цэнтнераў, гэта 102% ад узроўню мінулага года.
З пачатку гэтага года валавая вытворчасць малака павялічылася ў пяці сельгаспрадпрыемствах раёна з дзевяці. Лідарам па росту валавага надою з’яўляецца КСУП “Пархімаўцы”. Рост за 11 месяцаў у параўнанні з такім жа мінулагоднім перыядам склаў 111 працэнтаў, сёлетні паказчык павялічыўся амаль на 5800 ц малака і склаў звыш 56600 ц. У РСУП “Алекшыцы” гэты паказчык – 109%, валавы надой павялічыўся больш чым на 7200 ц і склаў амаль 87900 ц, у КСУП “Варанецкі” – 108%, валавы надой – звыш 96400 ц, што на 7460 ц прадукту больш за паказчык мінулага года. Такая ж сітуацыя і ў лістападзе. Валавы надой у раёне за мінулы месяц – каля 56000 цэнтнераў, што на 920 цэнтнераў вышэй за аналагічны перыяд 2016 года, і таксама склаў 102% ад узроўню мінулага года.
На жаль, мінусуюць з пачатку года па гэтаму паказчыку КСУП “Макараўцы”, КСУП “Малабераставіцкі элітгас” і КСУП “Пагранічны-Агра”.
Што датычыцца сярэдняга надою на карову, то па раёне з пачатку года ён склаў 6319 кг, гэта плюс 4 кг у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Разам з тым нязначна, але знізілася прадукцыйнасць малочных кароў у шасці гаспадарках: КСУП “Малабераставіцкі элітгас”, РУСП “Масаляны”, СВП “АграМір”, КСУП “Варанецкі”, КСУП “Пагранічны-Агра”, КСУП “Макараўцы”. За лістапад з мінусам па надоях на карову спрацавалі РУСП “Масаляны”, СВП “АграМір” і КСУП “Варанецкі”. Рэалізацыя малака за адзінаццаць месяцаў склала звыш 595000 цэнтнераў (102%).
Своеасаблівай градацыяй якасці малака з’яўляецца яго гатунковасць. Сёння безумоўным лідарам па вытворчасці малака гатунку “экстра” з’яўляецца СВП “АграМір” – 93 працэнты. На другім месцы аграфірма “Стары Дворац” – 61,7 працэнта, на трэцім – КСУП “Варанецкі” – 60,9. Паказчык па раёну – 29,8%, што вышэй за леташні на 5,4%.
Што ні кажыце, а галоўным рычагом, які прыводзіць сістэму вытворчасці малака ў рух заўсёды быў правільны падбор рацыёну жывёл. У гэтым годзе сельгаспрадпрыемствамі Бера­ставіччыны, нягледзячы на пастаянныя сюрпрызы надвор’я, закладзена добрая кармавая база. І ўсё дзякуючы таму, што былі забяспечаны аптымальныя агранамічныя тэрміны сяўбы, унесена дастатковая колькасць неабходных угнаенняў, своечасова і якасна праведзена не толькі хімічная апрацоўка пасеваў супраць хвароб і шкоднікаў, але і сама ўборка ўраджаю.
Так, у гаспадарках раёна пад пасеў збожжавых і зернебабовых культур было адведзена звыш 14 тысяч гектараў зямель. З іх атрымана каля 82500 тон збожжа (без кукурузы). Гэта амаль на 4000 тон больш, чым было год таму. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых (без кукурузы) – 57,6 цэнтнера з гектара, што амаль на 8 цэнтнераў з гектара вышэй за аналагічны леташні паказчык.
Пры ўраджайнасці кукурузы на зерне 108 ц/га сельгаспрадпрыемствамі раёна намалочана яе звыш 23000 тон. Добрай якасцю пацешылі як травяныя кармы (сена, сенаж), так і кукуруза на сілас, ураджайнасць якой склала 361 ц/га.
І гэтыя паказчыкі безумоўны плюс, аднак не трэба забываць, што на аб’ёмы і якасць атрыманага малочнага прадукту ўплываюць і такія фактары, як спадчыннасць – бо калі сёння сельгаспрадпрыемства абнаўляе статак высокапрадукцыйнымі жывёламі, то яно толькі выйграе. Не забываем і пра ўмовы ўтрымання, вядома ж, не абысціся і без добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Напрыклад, каб атрымаць малако гатунку “экстра”, неабходна выконваць жорсткія ветэрынарна-санітарныя патрабаванні. Тут жа зноў вялікае значэнне адыгрывае і якасць кармоў. У іх не павінна быць цвілі, грыбкоў, павышанага ўтрымання кіслых бактэрый. Усе гэтыя акалічнасці дазваляюць выключыць пападанне ў агульную «малочную раку» малака ад кароў, што хварэюць мастытам. Такім чынам, менавіта комплекснае выкананне ўсіх мерапрыемстваў дазволіць сельгаспрадпрыемствам значна палепшыць якасць малочнай сыравіны.
Сёння бераставіцкія аграрыі робяць усё магчымае для павелічэння якасных і колькасных паказчыкаў у вытворчасці малака. Ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для паспяховай працы. Зацікаўленасць кожнага звяна – кіраўніцтва гаспадарак, галоўных спецыялістаў, работнікаў – адчувальная. Адсюль вынікае і адпаведны ланцужок заканамернасцей: чым вышэйшая гатунковасць, тым большыя прыбыткі, а значыць, і заробак усіх працаўнікоў.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *