Малочнатаварны комплекс у РУСП “Масаляны” працуе эфектыўна

Лента новостей Сельское хозяйство

IMG_0012Малочнатаварны комплекс у РУСП “Масаляны”, дзе немалы дойны статак — 800 кароў, радуе вока. Гэта сапраўдны гонар мясцовых жывёлаводаў, а таксама эфектыўная крыніца папаўнення іх дабрабыту. Нарошчваць вытворчасць сыравіны выгадна. Тэрыторыя тут ахайная і дагледжаная, за пафарбаваную агароджу не зойдзе ніхто чужы. Будынкі прыгожыя і прасторныя, відаць, што архітэктары паклапаціліся як пра жывёлу, так і пра працаўнікоў. Паблізу захоўваюцца і кармы, так што вазіць здалёк іх не трэба. У вытворчых памяшканнях чыста, а на вокнах тут сапраўдныя “маскітныя сеткі”. Працаваць жывёлаводам камфортна, таму і настрой у людзей добры.
Малады ветурач Анджэй Маціеўскі задаволены сваім першым працоўным месцам, дастойнай зарплатай і выдатным дружным калектывам. Усе людзі, з якімі мне давялося паразмаўляць, з удзяч­насцю і цеплынёй выказваюцца пра свайго брыгадзіра Сяргея Жураўскага, ён сапраўды змог аб’яднаць іх у моцную каманду. Хаця паўсядзённыя турботы і праблемы тут ёсць, як і ва ўсіх, па надоях РУСП “Масаляны” пастаянна лідзіруе ў раёне. На комплексе расказалі мне, што ёсць кароўкі, якія даюць і звыш 50 кілаграмаў малака ў суткі. Вядома, у іх ужо няма мянушак, як у хатніх любіміц, але ёсць нумары, таму аператар машыннага даення заўсёды ў курсе, якая рагуля — рэкардсмен. Зараз нашым спрадвечным карміцелькам сапраўдная раскоша. Калі на працягу года ім, магчыма, прыядаецца аднатыпны корм, хаця і са збалансаванымі рацыёнамі для кожнай групы жывёлы, дык зараз яны могуць у дадатак паласавацца зялёнай люцэрнай. Гэтай смачнай і карыснай травы ім даецца 15 кілаграмаў у дзень. А пачыналі вясной паступова з 5 кілаграмаў, каб не пашкодзіць страваванню. Ядуць сакавітую апетытную дабаўку каровы ахвотна, таму сапраўдны сезон вялікага малака разам з летнімі цёплымі дзянькамі апраўдвае сябе.
Мне было цікава, ці замяняе самае лепшае ўтрыманне і кармленне інтэнсіўны рух?
— Не, — адказалі разам брыгадзір і ветурач. – Пры самым паўнавартасным харчаванні жывёле, як і чалавеку для здароўя і правільнага абмену рэчываў трэба рухацца.
Вядома, выгнаць на інтэнсіўную прагулку такую колькасць жывёлы, як на гэтым комплексе, праблематычна, але ўсё ж тут ёсць выгул. У кароў па 4 – 5 лактацый, што амаль у два разы перавышае адпаведны паказчык па рэспубліцы. Гэта красамоўна сведчыць аб тым, што калектыў вельмі стараецца, на ўзроўні догляд, кармленне, даенне, ветэрынарнае абслугоўванне.
Колькасць мастытаў у рагуль адпавядае норме. Калісьці гэта была вялікая праблема.
— Ці магчыма наогул пазбавіцца ад гэтага непрыемнага захворвання? – цікаўлюся ў спецыялістаў.
— Не, — быў адказ. — Такая каварная хвароба дойных кароў наносіць значны ўрон вытворцам. Там знаходзяць іншае, больш прагматычнае выйсце. Калі рагуля захварэла адзін раз, другі, яна ўжо не можа даваць столькі малака, як раней. Таму недастаткова прадуктыўных кароў проста замяняюць іншымі. У нас увага надаецца прафілактыцы. Аператары машыннага даення добра ведаюць сваю справу, строга захоўваюць правілы. Нагадваць пра гэта ім не трэба.
Выдатны генетычны патэнцыял жывёлы тут эфектыўна раскрываецца, і рэзервы яшчэ ёсць. Як вядома, добрая карова пачынаецца са здаровага цяляці, замкнуты цыкл узнаўляе вытворчасць. Тэхналогіі вырошчвання маладняку тут захоўваюцца. Праводзяцца праверкі крыві цялят на імунаглабуліны. Кожнае цяля атрымлівае такі рацыён, які патрабуе яго арганізм для росту і развіцця. А хваробы ў цялят бываюць такія ж, як і ў дзяцей. Здароўе маладняку ў полі зроку ветслужбы.
Вядома, дагнаць сусветных лідараў па надоях, напрыклад, Галандыю, нават такім гаспадаркам, як РУСП “Масаляны”, няпроста, але нашы землякі і самі наперадзе многіх вытворцаў у краіне. Мы можам імі ганарыцца.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *