Малочнатаварны комплекс «Масаляны» працуе эфектыўна

Лента новостей

IMG_3420IMG_3424IMG_3432Сучасныя малочнатаварныя комплексы даюць добрую аддачу. Ранейшыя фермы з невялікім статкам і ў многім ручной працай паўсюдна ўжо адыходзяць у нябыт. Хаця там і былі некаторыя важкія перавагі, напрыклад, каровы пасвіліся на свежай траўцы, шмат рухаліся, што безумоўна, умацоўвала здароўе жывёлы. І ўсё ж аптымізаваны інтэнсіўны вытворчы варыянт услед за развітымі краінамі перамог і ў Беларусі. Скарачэнне выдаткаў у жывёлагадоўлі, на чым робяць акцэнт ва ўсім свеце, зараз вельмі важнае.
Брыгадзір малочнатаварнага комплексу “Масаляны” РУСП “Масаляны” Эдуард Козел родам з Ваўкавыска, але звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай. Адукацыю атрымаў у Гродзенскім аграрным універсітэце і працаваў спачатку брыгадзірам невялікай малочнатаварнай фермы “Трацякі” ў гэтай гаспадарцы. Ён сваімі вачамі бачыў і прымаў непасрэдны ўдзел у пераводзе жывёлагадоўлі на больш высокі ўзровень. Вядома, і ён згодзен з тым, што кароўкам на ранейшых фермах было лепш, але няўмольны час дыктуе свае патрабаванні. І з тым, што трэба зніжаць сабекошт прадукцыі, каб быць канкурэнта­здольным, ніхто зараз не спрачаецца. Інакш проста не выжыць у рынкавых умовах.
Комплекс у РУСП “Масаляны” працуе, як гадзіннік. Слесар па абслугоўванні малочнага абсталявання Уладзімір Салыга задаволены, што працуе тут, хаця яго працоўны дзень пачынаецца тады, калі многія яшчэ соладка спяць. А перад гэтым ён 12 гадоў адпрацаваў на старой ферме. Навучылі яго працаваць па-новаму на комплексе, адразу як паставілі даільнае абсталяванне. Кансультаваў працаўнікоў прыезджы інжынер з фірмы. Абсталяванне ў многім зараз аўтаматычнае, таму задача слесара найперш у тым, каб сачыць за працэсам і прымаць прафілактычныя меры. Праверка помпы, падрыхтоўка фільтраў, апалоскаванне абсталявання – таксама яго непасрэдныя абавязкі. Мужчына па-сапраўднаму арганізуе аператарам машыннага даення бесперабойную работу, а пры некаторых непаладках адразу ліквідуе іх. Усяго на комплексе тры слесары. Працуюць яны па зменах.
Дойны статак з 815 кароў абслугоўваюць пяць аператараў машыннага даення, з якіх адзін падменны. Даільная зала “Вестфалія” прымае адразу 36 рагуль. Дояць на комплексе кароў тры разы. Сярэднясутачны надой зараз 26 кілаграмаў. Далёка не ўсе комплексы ў рэспубліцы ўзялі такую адметную планку. Эдуард Рамуальдавіч Козел расказаў таксама, што ў іх ёсць рэкардсменкі, якія даюць да 50 кілаграмаў малака ў суткі. Усяго іх каля 30 галоў. Выдатны генетычны патэнцыял, добрае кармленне і догляд даюць такія аптымальныя вынікі.
Аператары машыннага даення Таццяна Пячко і Ганна Дзямбіцкая сапраўдныя асы ў сваёй прафесіі. І вопыт, і адказнасць, любоў і спагада да жывёлы – усё ў іх ёсць. Яны паказалі мне, як захоўваюцца належныя патрабаванні. Санітарыя, неабходная апрацоўка вымя кароў супраць мастытаў – неад’емная састаўная частка высокіх надояў і якаснай сыравіны. Дарэчы, за малако “экстра” добра плацяць, так што стымул для старання ў людзей ёсць.
Спецыялісты і працаўнікі, кожны на сваім месцы ўносяць свой уклад у агульную справу. Праца іх нялёгкая, але пачэсная, яны кормяць народ.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *