Малочнатаварная ферма “Галава” СВП “АграМір” дае аддачу

Лента новостей Сельское хозяйство

Сяргей Вілюноў, Галіна Хамяня і Юлія Рэгілевіч
Сяргей Вілюноў, Галіна Хамяня і Юлія Рэгілевіч

Новая малочнатаварная ферма “Галава” ў СВП “АграМір” – сапраўдны падарунак жывёлаводам. Тут прыгожыя будынкі, выдатныя ўмовы для ўтрымання кароў і добрыя ўмовы для працы жывёлаводаў. Яшчэ некалькі гадоў таму пра такое людзі ў гэтай гаспадарцы маглі толькі марыць. А зараз мара ўвасобілася ў жыццё, і новыя тэхналогіі пачалі даваць аддачу. Менавіта пры захаванні сучасных тэхналогій, якія ўжо апрабаваныя ў развітых краінах, можна разлічваць на павелічэнне валавога надою і выпуск якаснай выгаднай сыравіны.
Кармы па-ранейшаму застаюцца сапраўдным падмуркам высокіх надояў. Рацыянальнае паўнацэннае кармленне дапамагае раскрыць генетычны патэнцыял жывёлы, павысіць прадуктыўнасць малочнага статка. Жывёлу ў СВП “АграМір” даглядаюць добра. Мне даводзілася бачыць, як даглядчык абходзіць памяшканні, старанна падкідае кармы каровам, каб кожная ўволю наелася. Многае, як вядома, залежыць ад аператараў машыннага даення. Па тэорыі кожная даярка павінна прытрымлівацца аж 12 “залатых правілаў”, строгае выкананне якіх дасць магчымасць атрымліваць высакаякасную сыравіну. Тут свае тонкасці, а галоўная з іх – любіць жывёлу. Без любові да жывой істоты і сваёй важнай справы нічога не будзе, якое б ні было тут сучаснае абсталяванне. Яно не заменіць клапатлівыя рукі. Таму кожную кароўку трэба глядзець як сваю, і нават лепш, чым сваю, таму што яны ў вялікім статку, адчуваюць стрэс. Пільнае спрактыкаванае вока даяркі павінна заўважыць што — небудзь асаблівае ў паводзінах, каб адчуць магчымае захворванне. Па першых струменьчыках малака ўжо таксама можна з упэўненасцю здагадацца пра мастыт. Такіх рагуль дояць асобна, лечаць. Але лепшае лячэнне – гэта ўвага, належны догляд і прафілактыка. Тады не патрэбны дарагія лекі.
За 4 месяцы гэтага года валавы надой тут дасягнуў 1217 тон, а гатункам “экстра” здадзена 89,8 працэнта малака. Асабліва ўдалым выдаўся красавік – уся сыравіна прададзена “экстрай”. Гэта вельмі радуе. Ды і зарплата аператараў машыннага даення напрамую залежыць ад якасці малака. Яны атрымалі большыя прэміі. Неаднаразова раней мне даводзілася гутарыць з Галінай Хамяня, якая адпрацавала на ферме ў вёсцы Шаляпкі 16 гадоў. У жанчыны цяпер зусім іншы настрой, новыя тэхналогіі значна спрасцілі работу, далі сапраўдную ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Дастойная аплата працы, прыгожы “інтэр’ер” паўсюдна, куды ні кінь вокам, “разумнае абсталяванне” заахвочваюць людзей паляпшаць паказчыкі, бо гэта выгадна ў першую чаргу ім самым.
А ветурач Юлія Рэгілевіч вучыцца завочна ў Гродзенскім аграрным універсітэце. У яе ёсць стымул старацца. Новыя веды яна прымяняе на практыцы. Ёй пашанцавала працаваць на такім комплексе. Калі ўзнікае якое — небудзь пытанне, дапамагае слушнай парадай галоўны ветурач Сяргей Вілюноў. Калектыў тут дружны. Калегі з вобласці са старых ферм дзяўчыне па — добраму зайздросцяць. Да таго ж у яе маладым узросце вельмі важна і тое, што “АграМір” знаходзіцца літаральна ў самым раённым цэнтры. Зручна ездзіць на вучобу, напрыклад, ды і многія традыцыйныя гарадскія перавагі побач.
Добрыя тэмпы развіцця набыло гэтае сельгаспрадпрыемства. Пад “крылом” магутнага ААТ “Малочны Мір”, якое не шкадуе грошай на аптымальную мадэрнізацыю вытворчасці. Значныя крокі ў гэтым напрамку ўжо зроблены.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *