Ведаеце, кожнаму свайму субяседніку я даю магчымасць выказацца. Звычайна, што ведаць пра яго ты жадаеш, калі не шмат, то многае, аднак у выніку ён адкрываецца табе роўна настолькі, наколькі палічыць неабходным. У любым выпадку ты гэта прымаеш, а пасля думаеш, што перадаць свайму патрабавальнаму чытачу.
Дыялог з маладым і амбіцыйным Арцёмам Кабаньком у мяне быў наладжаны адразу. Гэтага светлавалосага хлопца з блакітнымі вачыма я сустрэла яшчэ ў жніўні, падчас урачыстага шэсця па галоўнай вуліцы гарадскога пасёлка, калі Бераставіччына адзначала галоўнае свята хлебаробаў. І вось праз нейкія два месяцы ён стаў героем маёй публікацыі…
Як аказалася, для многіх у аграгарадку Малая Бераставіца ён добра знаёмы, бо вырас менавіта тут. Адматаем стужку часу крыху назад… На календары – 2011 год, на руках – атэстат аб сярэдняй адукацыі, а наперадзе – нялёгкі выбар. Кім быць? Куды падацца? Хутка склаўшы ўсе неабходныя пазлы – падчас вучобы ў школе добра даваліся такія прадметы, як хімія і біялогія, да таго ж родная цётка Наталля, па спецыяльнасці аграном па ахове раслін, раскрывала патаемныя закуткі невядомага рамяства, шмат расказваючы пра сваё месца працы, – хлопец вырашыў, што на дадзеным этапе, найлепшым варыянтам будзе абраць цікавую ды і неабходную прафесію.
Дазволю сабе невялічкае адступленне, бо лічу, што выбіраючы справу, якой чалавек можа прысвяціць немалую частку свайго жыцця, варта ўлічваць не толькі ўласныя жаданні, але і магчымасці, асаблівасці характару, стан здароўя і, вядома ж, здольнасці. Мне ж з кожным годам усё больш імпануе думка псіхолагаў, якія сцвярджаюць, што глыбока асэнсаваць выбар сваёй прафесіі асоба можа толькі ў больш сталым узросце. Калі размова аб пачуццях першага захаплення прафесіяй ужо не вядзецца, а адчуванне, што яно рассеецца, нібы ранішні туман, нават не ўзнікае. Безумоўна, свае “але” ёсць заўсёды. Я ж спадзяюся, што гісторыя майго героя якраз тое самае выключэнне.
У выніку не доўгіх ваганняў выбарам Арцёма стала агранамія. Так пачаліся найлепшыя гады студэнцтва ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, дзе падчас вучобы была вытворчая практыка ў Швецыі, а напрыканцы чакала лагічнае завяршэнне – выпуск і размеркаванне.
У КСУП “Малабераставіцкі элітгас” хлопец працуе аграномам-аграхімікам з сакавіка 2016 года.
— Ведаеце, ёсць урачы для людзей – хірургі, тэрапеўты і гэтак далей, – зазначае мой суразмоўца. – Ёсць урачы для жывёл – ветэрынары, тое ж самае і для раслін. Іх выратавальнікі мы – аграномы (усміхаецца). Дэманстраваць бачнасць працы тут не атрымаецца, як многія могуць падумаць, бо вечную занятасць забяспечвае толькі Сізіфава праца. Увогуле, спектр маіх абавязкаў самы разнастайны. Аграном распрацоўвае і ўкараняе аграхімічныя мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне ўрадлівасці глебы і павелічэнне ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур. Ён вывучае біялагічныя асаблівасці вырошчвання раслін, глебава-кліматычныя ўмовы, эфектыўнасць выкарыстання арганічных і мінеральных угнаенняў, сродкаў хімабароны, спосабы іх ужывання. Акрамя гэтага, вызначае, на якіх участках, у якія тэрміны і ў якой меры павінны прымяняцца ўгнаенні і іншыя хімічныя сродкі.
Уявіце, і гэта толькі невялікая частка таго, чым займаецца аграном. У маладога спецыяліста заўсёды ўсё на кантролі. Магчыма таму ён неаднаразова прадстаўляў роднае сельгаспрадпрыемства на разнастайных мерапрыемствах.
Прызнацца, з цікавым субяседнікам і час ляціць хутка. Так абменьваючыся думкамі, ты заўважаеш, што адчуваеш чалавека, бо пры любым раскладзе паміж вамі ўзнікае эмацыйная (нават ледзь улоўная) сувязь. Гледзячы на гэтага шчырага і адкрытага хлопца, ты нібы сам зараджаешся пазітыўнымі эмоцыямі і станоўчай энергетыкай.
Сумленнасць, дабрыня, давер – рысы характару не чужыя майму суразмоўцу. Напэўна таму ён намагаецца і сябе акружаць такімі ж людзьмі.
Сядзець на месцы – гэта яўна не пра Арцёма. Згадзіцеся, чакаць карабель у аэрапорце – бессэнсоўна. Разумеючы гэта, герой маёй публікацыі намагаецца ўсебакова развівацца. Яго натхняе многае: калі рэчы, то неверагодныя, калі людзі, то неардынарныя, разумныя, вялікія. Не дзіўна, што ён захапляецца біяграфіямі такіх людзей, як Ракфелер, Франклін. А Ілана Маска, які жадае вывесці чалавецтва ў космас,тым самым адкрыць эпоху касмічнага турызму, заснаваць першыя калоніі на Марсе, звесці на нішто брудную аўтамабільную прамысловасць, прапанаваўшы якасныя электрамабілі, і дастаўляць людзей ад Лос-Анджэлеса да Сан-Францыска за 30 хвілін на хуткасці 1500 км/г, увогуле лічыць сваім натхняльнікам. Хлопец шмат чытае мастацкай літаратуры (Эрык Бёрн “Людзі, якія гуляюць у гульні”, Дзюма “Каралева Марго”, Тэадор Драйзер “Фінансіст” і многія іншыя). Да таго ж актыўна займаецца спортам. Яго найбольш прываблівае бег на доўгія дыстанцыі. А са школьных часоў цікавіцца яшчэ і IT-сферай…
І штосьці мне падказвае, што на дасягнутым спыняцца ён не збіраецца.
Гэта не можа не цешыць, бо прага да новага і незвычайнага – паказчык неабыякавасці да жыцця. Галоўнае – не страціць гэтага запалу. Чаго шчыра і жадаю!
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара