Дваццаць пяць маладых спецыялістаў распачнуць сваю працоўную дзейнасць у гэтым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі Бераставіцкага раёна.
Як паведаміла метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Вольга Карпуць, у наш раён прыбылі на працу 14 выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў і 11 – сярэдніх спецыяльных.
11 маладых спецыялістаў закончылі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы, 8 – Ваўкавыскі педагагічны каледж, 2 – Гродзенскі гуманітарны каледж, па аднаму выпускніку накіравалі на Бераставіччыну Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Ваўкавыскі аграрны каледж.
Сферу адукацыі раёна сёлета папоўняць 5 выхавацеляў дашкольнай адукацыі, 4 настаўнікі замежнай мовы, 3 настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, 2 настаўнікі гісторыі, 2 настаўнікі пачатковых класаў, 2 педагога-псіхолага. Сярод маладога папаўнення ёсць таксама па аднаму настаўніку рускай мовы і літаратуры, фізічнай культуры і здароўя, абслугоўваючай працы, настаўнік-дэфектолаг, педагог дадатковай адукацыі, трэнер па спорту і эканаміст.
Найбольш багатай на маладых спецыялістаў аказалася Вялікабераставіцкая СШ – сюды прыйшлі 4 маладыя настаўнікі, па два выпускнікі накіравана ў Алекшыцкую СШ, Пархімаўскую БШ, Вялікаэйсмантаўскую СШ, Малабераставіцкую СШ, Канюхоўскі і Макараўскі яслі-сады-СШ. Будуць працаваць маладыя педагогі і ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці аг.Пагранічны, Масалянскім яслях-садзе-БШ, гімназіі аг.Пагранічны, Пархімаўскім яслях-садзе, Паплаўскім і Кватарскім яслях-садах-БШ, Бераставіцкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, Бераставіцкім фізкультурна-аздараўленчым спартыўным цэнтры і аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Ірына МІКЛАШ