Маладыя ветурачы СВК “Алекшыцы”

Сельское хозяйство Человек и его дело

img_7605У маладосці нам усё па плячу. Людзі больш сталага веку сыходзяцца на думцы, што маладыя гады ні з чым не параўнальныя, бо ёсць і імпэт, і сіл тады — непачаты край. Мы выбіраем сабе прафесію па душы і імкнёмся рэалізаваць свой патэнцыял. І шчаслівы той чалавек, хто адчувае, што “гэта – маё”. Заўсёды бывае прыемна пазнаёміцца з маладымі людзьмі, у якіх загараюцца вочы пры размове аб справе іх жыцця. Зразумела, бываюць і цяжкасці, і праблемы, як і ва ўсіх, але галоўнае – бачыць пазітыў, тое, што ўпрыгожвае жыццё, на што трэба арыентавацца, а на праблемах варта не засяроджвацца, а проста іх вырашаць.
У СВК “Алекшыцы” шмат маладых, значыць, у калектыўнай гаспадаркі ёсць добрая перспектыва. Пагутарыць з нядаўнімі выпускнікамі вышэйшых навучальных устаноў і ветурачамі Вольгай Рыгосік і Дар’яй Журэйка было вельмі цікава. Адчувалася, што яны “знайшлі сябе”, адчуваюць сябе ўпэўнена, а значыць, нялёгкую прафесію выбралі па прызванні.
Вольга Рыгосік прыехала да нас з Міншчыны. Моцная студэнтка вучылася на бюджэтным аддзяленні ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Калі падышоў час размеркавання, месцаў у немалым радыусе вакол сталіцы і паблізу ад яе малой радзімы не было. Накіравалі Вольгу на Гродзеншчыну, у якой таксама добрая рэпутацыя сярод аграрыяў краіны. Аграгарадок Алекшыцы аказаў на маладога спецыяліста вельмі прыемнае ўражанне. Вельмі прыязна сустрэлі нядаўнюю студэнтку і ў калектыве, а гаспадарка забяспечыла жыллём.
Вольга лечыць дойных кароў. Яна “змагаецца” з мастытамі ў буйной рагатай жывёлы, а гэта вельмі каварная хвароба. Прычынай яе могуць стаць розныя фактары – скразняк, парушэнні тэхналагічнага працэсу і нават тое, што рагуля нялоўка прылягла на вымя. Таму і падсцілаюць кароў у гэтым сельгаскааператыве на комплексе саломай, так мякчэй і ўтульней. Не кожная фірма, якая прапануе дыванкі для жывёлы, клапоціцца найперш пра “братоў нашых меншых”, у многіх гандляроў у прыярытэце свае інтарэсы. Таму лепш падсцілаць кароў традыцыйным спосабам, як гэта рабілі нашы дзяды і прадзеды. А каб выявіць небяспечнае захворванне на ранніх стадыях, праводзяцца адпаведныя тэсты. Лечыцца мастыт сучаснымі эфектыўнымі прэпаратамі, а малако пасля лячэння пэўны час здаваць нельга. Малады ветурач адзначае, што мастытаў у кароў у апошні час стала менш, што вельмі радуе.
А Дар’я Журэйка закончыла Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, яна родам з Брэсцкай вобласці. У гэтай вышэйшай навучальнай установе вучыўся яе родны брат, яму там падабалася. Сястра прыслухалася да яго меркавання і не пашкадавала. Прыехала Даша на Бераставіччыну таксама па размеркаванні, у СВК “Алекшыцы” ёй спадабалася. Малады ветурач лечыць цялят. Яна гаворыць, што захворванні ў іх такія ж, як у малых дзяцей. А ласку яны адчуваюць так жа, як дзеці. Біёлагі нават пішуць, што жывёльная “малеча” можа ўспрымаць добрага клапатлівага чалавека як маму.
Двух маладых спецыялістаў аб’ядноўвае шчырая любоў да сваёй прафесіі. Дзяўчаты з дзяцінства любілі хатнюю жывёлу, а зараз прысвяцілі жыццё вельмі няпростай, але высакароднай справе, бо ветэрынарыя ў адказе і за здароўе ўсяго чалавецтва.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *