Малабераставіцкая бібліятэка: кастрычнік насычаны і цікавы

Культура Лента новостей

Работа філіяла “Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка” ў кастрычніку была насычана разнастайнымі мерапрыемствамі, праведзенымі для розных катэгорый чытачоў.

У пачатку месяца малабераставіцкія бібліятэкары, кіруючыся экалагічным напрамкам у дзейнасці бібліятэкі, вырашылі правесці экагадзіну “Жылі-былі рыбы, птушкі, жывёлы”, прысвечаную Сусветнаму дню аховы жывёл, які адзначаўся 4 кастрычніка. Падчас мерапрыемства юныя чытачы пазнаёміліся з дзіўным светам жывёл і птушак. Яны з задавальненнем далучыліся да прапанаваных конкурсных заданняў і пытанняў віктарыны на веданне фаўны нашай краіны,  распавялі пра сваіх хатніх жывёл, абмеркавалі важнасць і ідэю ўтварэння ў далёкім 1968 годзе міжнароднага дня, закліканага звярнуць увагу чалавецтва на праблемы астатніх насельнікаў планеты Зямля. Школьнікі пазнаёміліся таксама з кнігамі серыі “Белорусская детская энциклопедия” і “Самая первая энциклопедия”, праз чытанне якіх можна ў даступнай форме пашырыць свае веды пра свет жывёл.

Інфармацыйная гадзіна “Небяспечныя забавы”,  праведзеная 9 кастрычніка ў межах Сусветнага дня псіхічнага здароўя, выклікала цікавасць у падлеткаў актуальнасцю праблемы. Прысутныя даведаліся пра пагубны ўплыў псіхаактыўных і наркатычных рэчываў на арганізм чалавека, пра тое, у які страшны палон яны могуць захапіць асобу і пазбавіць яе здароўя, а часам і жыцця.

Літаратурна-музычная кампазіцыя “Самая цудоўная з жанчын”сабрала на сустрэчу 16 кастрычніка ўдзельніц аматарскага аб’яднання “Пагаворым па шчырасці”. Мерапрыемства, прысвечанае Дню маці, прайшло ў цёплай добразычлівай атмасферы. Жанчыны прымалі шчырыя віншаванні і цёплыя словы падзякі, дзяліліся самымі яркімі момантамі са свайго жыцця, з задавальненнем адгадвалі загадкі, удзельнічалі ў гульнях і конкурсах і прымалі ў свой адрас музычныя кампазіцыі і паэтычныя радкі.

Ведаць галоўныя дзяржаўныя сімвалы нашай краіны павінен кожны грамадзянін Беларусі. І вывучаць асновы дзяржаўнасці неабходна з дзяцінства. З такой мэтай 21 кастрычніка малабераставіцкія бібліятэкары правялі ўрок-віктарыну “Ты грамадзянін сваёй краіны”, падчас якога пагаварылі з вучнямі пра наш асноўны закон – Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, а таксама пра нашу сімволіку – дзяржаўныя герб і сцяг.  Па дадзенай тэматыцы адбыўся адкрыты прагляд літаратуры.

А вось 23 кастрычніка, на ўроку інфармацыйнай культуры пад назвай «Перыядычныя выданні для дзяцей», юныя чытачы пазнаёміліся з асаблівасцямі часопісаў і газет і іх адрозненнем ад кніг, з тэрмінамі “прэса” і “публіцыстыка”, з багатай палітрай сучаснай дзіцячай перыёдыкі. Школьнікам была прадстаўлена прэзентацыя “Увлекательная пресса для ребячьего интереса”. Хлопчыкі і дзяўчынкі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад дзіцячай перыёдыкі, якую для іх выпісваюць бацькі.

З 19 па 24 кастрычніка ў філіяле дзейнічала кніжная выстава, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння Івана Буніна  – выдатнага майстра мастацкага слова. На выставе былі прадстаўлены кнігі, якія распавядаюць аб жыцці і творчасці Івана Аляксеевіча, а таксама лепшыя яго творы – зборнік  апавяданняў “Темные аллеи”, апавяданні “Господин из Сан-Франциско” і “Антоновские яблоки”, аповесць “Деревня”, раман “Жизнь Арсеньева” і іншыя. Гэтыя творы – сусветна вядомыя і да сённяшняга дня выклікаюць цікавасць  у чытачоў. Дарэчы, у 1933 годзе за свой раман “Жизнь Арсеньева” Іван Бунін першым з рускіх пісьменнікаў атрымаў Нобелеўскую прэмію.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *