Здароўе – галоўная каштоўнасць кожнага чалавека, а здароўе дзіцяці – самае вялікае шчасце для бацькоў. Але радасці, цяпла шчасця не ўбачым у вачах тых, хто апынуўся ва ўладзе наркотыкаў. Шлях туды, у краіну міражоў, лёгкі і просты, але вярнуцца адтуль часам немагчыма! А каб не здарылася такой бяды, каб заўсёды свяціліся ад радасці вочы дзяцей і іх бацькоў, каб кожны радаваўся і атрымліваў асалоду ад жыцця, педагагічным калектывам Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы праводзіцца сістэмная работа па прафілактыцы ўсіх залежнасцей сярод падлеткаў.
На працягу пяці гадоў ва ўстанове адукацыі дзейнічае антынаркатычны атрад “ВЕК без наркотыкаў”, асноўная мэта якога паказаць і даказаць, што жыццё цудоўнае, шматграннае, поўнае яркіх фарбаў. Члены атрада пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага Л.А. Аўдзей вучацца ўзаемадзейнічаць без канфліктаў у розных жыццёвых сітуацыях, асвойваюць прыёмы і метады ўцягвання аднагодкаў ў мерапрыемствы і акцыі, а таксама прапагандуюць здаровы лад жыцця сярод падлеткаў і дарослых, прымаюць удзел у распаўсюджванні антынаркатычных буклетаў, лістовак, накіраваных на прафілактыку ўжывання і залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў, праводзяць акцыі, флэш-мобы.
Так, у апошні тыдзень кастрычніка ва ўстанове прайшлі мерапрыемствы ў рамках восеньскай антынаркатычнай акцыі “Місія – жыць!”. Класнымі кіраўнікамі 1 – 11 класаў, педагогам-псіхолагам, сацыяльным педагогам, педагогам-арганізатарам былі выкарыстаны розныя формы правядзення прафілактычных мерапрыемстваў: дыспуты, круглыя сталы, прагляд фільмаў і іх абмеркаванне, гутаркі, конкурсы рыфмовак, слоганаў, спартыўныя спаборніцтвы, сустрэчы з супрацоўнікамі Бераставіцкага РАУС, спецыялістамі аховы здароўя.
Удзел у мерапрыемствах даказаў, што нашы навучэнцы жадаюць умацоўваць сваё здароўе, ведаюць, якую шкоду здароўю наносіць ўжыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў. І спадзяёмся, што нашы навучэнцы мэтанакіравана будуць крочыць па дарозе жыцця, па дарозе, на якой не будзе наркотыкаў.
Алена Будніцкая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы