Занятасць моладзі ў час летніх канікул з’яўляецца актуальнай праблемай для бацькоў і педагогаў.
У вольны ад вучобы час у маладых людзей многа разнастайных спакусаў, часамі і не зусім бясшкодных. Таму дарослыя прыкладаюць шмат намаганняў, каб заняць юнакоў і дзяўчат карыснымі справамі, у прыватнасці, арганізуючы іх другасную працоўную занятасць, як гэта зрабілі ў Макараўскім яслях-садзе – сярэдняй школе. Ды і самі старшакласнікі гэтай навучальнай установы ахвотна выбіраюць для сябе працоўнае лета ў складзе вучнёўскіх брыгад, якія створаны сумесна з аддзелам па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Вучнёўскія брыгады, фінансуемыя са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, дзейнічаюць на базе Макараўскага ясляў – сада – СШ ужо чацвёрты год і карыстаюцца нязменнай папулярнасцю ў старшакласнікаў, паколькі гэта добрая магчымасць зарабіць грошы на свае ўласныя патрэбы і тым самым адчуць сябе дарослымі і крыху незалежнымі ад бацькоў.
Вось і ў гэтым годзе 23 хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў (вучні 8-10 класаў) выказалі жаданне працаваць у вучнёўскіх брыгадах, паведаміў дырэктар школы Павел Панкевіч.
Першая брыгада працавала з 4 па 15 чэрвеня, а другая завяршыла сваю 10-дзёнку 29 чэрвеня. Юнакі і дзяўчаты займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі школы, палолі клумбы і прышкольны агарод, рыхтавалі школу да новага навучальнага года. Праца, якую выконвалі вучнёўскія брыгады, няцяжкая і адпавядае ўзросту школьнікаў, паведаміў Павел Мікалаевіч, тым больш, што працавалі яны не больш за 4 гадзіны ў дзень. Макараўскія школьнікі працавітыя, для іх гэта зусім нямнога, падкрэсліў дырэктар, некаторыя з іх пасля абеду яшчэ дадаткова ходзяць на відавую праполку збожжавых на палі мясцовай гаспадаркі.
Многія ўжо не ўпершыню ў складзе вучнёўскай брыгады, працуюць і другі, і трэці год.
“Гэта добрая магчымасць зарабіць нядрэнныя грошы, праца няцяжкая, у сяброўскай кампаніі”, — падзяліліся са мной уражаннямі члены брыгады, якіх я застала за праполкай прышкольнай клумбы, іншыя ў гэты час рыхтавалі месца для палатачнага лагера, які ў хуткім часе павінен пачаць сваю работу.
Акрамя Макараўскага ясляў-сада – СШ, працоўныя вучнёўскія брыгады дзейнічалі на базе Вялікаэйсмантаўскай СШ і Масалянскага ясляў — сада – СШ, у іх працавала 32 чалавекі.
Дарэчы, за дзесяць дзён працы школьнікі ў залежнасці ад узросту змогуць зарабіць ад 270 да 400 тысяч рублёў. Згадзіцеся, неблагі заробак для школьнікаў і відавочная карысць для навучальнай установы.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара