Макараўскія валачобнікі

Лента новостей

Вялікдзень – рухомае свята народнага календара, найбольш урачыстае і любімае жыхарамі нашага раёна. У гэтым го­дзе склалася вельмі вялікая розніца ў днях паміж каталіцкім і праваслаўным святамі. Вернікі каталіцкай канфесіі 31 сакавіка ўжо адсвяткавалі Светлае Хрыстовае Уваскрасенне, а права­слаўныя вернікі яшчэ шчыра посцяць і старанна рыхтуюцца да Вялікадня, які будуць святкаваць 5 мая.

Асаблівай адметнасцю святкавання Вялікадня на Бераставіччыне яшчэ з даўніх часоў было хаджэнне валачобнікаў – маладых хлопцаў і мужчын, а таксама змешаных гуртоў (жанчын, мужчын, хлопцаў і дзяўчат), якія хадзілі па дварах надвячоркам на першы дзень свята, спявалі велікодныя песні, выказвалі велікодныя пажаданні гаспадару, яго жонцы і дзяцям. Гаспадар жа, у сваю чаргу, ­дзя­­­каваў гасцям і адораваў іх рознымі прысмакамі і абавязкова чырвонымі яйкамі, таму што яйка –гэта сімвал жыцця, прадаўжэння роду.
Менавіта такія святочныя абходы двароў былі праведзены работнікамі культуры і мясцовай моладдзю 31 сакавіка ў Макараўцах і Вялікіх Эйсмантах.
Абрад “Валоканне” (ад слова “валачыцца”) у Макараўцах (на здымку) праведзены маладзёжным гуртом валачобнікаў пад кіраўніцтвам дырэктара Макараўскага Дома нацыянальных культур Вікторыі Бажко, быў засняты дырэктарам РМЦ НТ Аленай Місюляй на відэакамеру ў рамках даследавання рэдкіх у рэгіёне традыцый і абрадаў з мэтай далейшай работы па ўключэнні іх у Спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Беларусі.
Гаспадары двароў былі задаволены прыходам гасцей, прымалі валачобнікаў з радасцю, адорвалі чым маглі (грашыма, пірагамі, цукеркамі, каўбасой, вяндлінай і чырвонымі яйкамі). Праграма “абходнага” абраду ўключала ў сябе беларуска-польскія песні-пажаданні, фальклорныя гульні, забавы.
Гаспадыня аднаго з дамоў Ядзвіга Канецкая, дзелячыся з намі сваімі ўражаннямі ад сустрэчы, паведаміла: “Я вельмі задавалена тым, што абрад захаваўся ў Макараўцах да сённяшняга часу і перадаецца маладому пакаленню. Здаўна лічылася ў народзе, што прыход валачобнікаў на падворак спрыяе багатаму ўраджаю на ніве і дабрабыту ў сям’і. Добра, што гэта традыцыя жыве і звязвае нас нябачнымі ніткамі з нашымі продкамі ”.
Марыя Юшкевіч, метадыст па фальклору і этнаграфіі РМЦ НТ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *