Жанчына на вытворчасці – з’ява звычайная. Мне часта даводзіцца размаўляць з прадстаўніцамі слабога полу, але з моцнай воляй, якія выбралі для сябе сапраўды няпросты шлях. У сектары эканомікі шмат працоўных месцаў, дзе здаецца, і мужчыне не так проста было б справіцца. А нашы зямлячкі не толькі працуюць там, прычым, з высокай аддачай, але яшчэ і захоўваюць пры гэтым сваю жаноцкасць, прыгажосць, дабрыню, абаяльнасць. У вытворчым цэху “Бераставіца” ААТ “Малочны Мір” таксама занята нямала жанчын. Адна з іх Алена Тарасава – майстар-сырароб. На гэтым прадпрыемстве яна працуе ўжо 13 гадоў. Цікавы яе лёс. Яна прыехала з Казахстана, але знайшла ў нас сапраўдную другую радзіму. У Беларусі ёй вельмі спадабалася. Раней яна працавала ў сферы гандлю, але ў нас вырашыла змяніць прафесію, і, як аказалася, нездарма. Ведала, перапрацоўчая прамысловасць працуе стабільна, спатрэбіцца тут і часцінка яе працы. Майстэрству сыраробства вучылася на спецыяльных курсах у Слуцкім каледжы, дзе даведалася шмат цікавага і нямала маленькіх, але важных прафесійных сакрэтаў. Менавіта яны робяць прадукцыю такой, што потым заваёўвае перамогі на конкурсах і мае пастаянных верных пакупнікоў далёка за межамі нашай рэспублікі. Алена расказвае, што ёй вельмі прыемна, што ў цэху праведзена такая мадэрнізацыя вытворчасці, працаваць стала лягчэй і зручней, усюды чысціня і парадак. Ды і апранаецца яна ў час работы ў прыгожае белае спецадзенне, якое ёй да твару. — Не адразу ўсё было лёгка, — расказвае яна. – Але іншага месца для сябе зараз не бачу. І ўмовамі працы, і зарплатай жанчына задаволена. Яна яшчэ і шчаслівая мама, у яе дзве дачкі. Такое ж станоўчае меркаванне пра сваю работу выказала і сырароб, майстар па выспяванню сыра Аксана Палуйчык. Яна працуе сёмы год. У яе вышэйшая адукацыя – яна закончыла Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. У абавязкі ўваходзіць таксама ўпакоўка і падрыхтоўка прадукцыі да адгрузкі. Аксана спраўляецца з усім, і на працу ідзе з добрым настроем. А гэта вельмі важна, калі калектыў – каманда, значыць, наперадзе новыя поспехі. Ніна Наддэ