У прафесіі “выхавацель” выпадковых людзей не бывае. Прычына таму крыецца, мабыць, у сапраўднай самаахвярнасці, якой патрабуе гэта работа. Шчыры і непадробны інтарэс да асобы падапечнага, неабыякавасць, пастаянны творчы пошук і самаразвіццё — усімі гэтымі якасцямі ў поўнай меры валодае калектыў майстроў вытворчага навучання Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.
Сярод іх асабліва вылучаецца Валянціна Уладзіміраўна Аніська: працаваць у прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча яна прыйшла ажно 30 гадоў таму назад! У мінулым годзе на традыцыйнай жнівеньскай нарадзе яе педагагічныя заслугі былі адзначаны Граматай Міністэрства адукацыі. Дарэчы, адзін з выхаванцаў Валянціны Уладзіміраўны — Дзмітрый Канецкі — нядаўна далучыўся да педагагічнага калектыву ліцэя: юнак уладкаваўся працаваць майстрам вытворчага навучання. Адметна і тое, што сям’я Валянціны Ўладзіміраўны ўяўляе сабой працоўную дынастыю: яе муж — у мінулым работнік ліцэя. Дачка працягвае справу сваёй матулі.
Як аб вельмі спагадлівым і разумеючым чалавеку адклікаюцца калегі пра Ніну Уладзіміраўну Сяржанскую. Усе праблемы сваіх выхаванцаў яна ўспрымае як уласныя і падчас, без перабольшвання кажучы, замяняе ліцэістам іх бацькоў. Акрамя таго, Ніна Уладзіміраўна надзвычай творчая асоба. Яе работы, выкананыя з харчовых прадуктаў, не раз мелі поспех на конкурсах дэкаратыўнага майстэрства. Ад адной з іх — выявы бераставіцкага касцёла Прасвятой Дзевы Марыі — сапраўды захоплівае дух.
Пра тое, якім невычарпальным запасам цярпення павінен валодаць выхавацель, Алена Іванаўна Пелеш ведае не па чутках. Навучэнцы бываюць часам з вельмі няпростымі і супярэчлівымі характарам. Але Алене Іванаўне ўдаецца знаходзіць агульную мову з усімі. Жанчына таксама рэалізуе сябе ў прыкладной творчасці, удзельнічае ў розных выставах і конкурсах.
На аглядзе мастацкай самадзейнасці “АРТ-вакацыі”, які адбыўся ў ліцэі 1 сакавіка, усіх прыемна здзівілі нацыянальныя касцюмы, выкананыя з мешкавіны Таццянай Іванаўнай Саакян. Менавіта ў яе смела можна павучыцца, як ствараць прыгажосць амаль з нічога! На 70-годдзе сістэмы прафесіянальна-тэхнічнага навучання яна была ўзнагароджана Граматай райвыканкама.
15 гадоў свайго жыцця прысвяціла бераставіцкаму ліцэю Алена Мікалаеўна Кучынская. Яна адказвае за прысядзібны ўчастак, які размешчаны на тэрыторыі вучэбнай гаспадаркі. Напэўна, нішто не радуе педагога больш, чым поспехі яго навучэнцаў. Так, і ў Алены Мікалаеўны ёсць падстава для радасці: яе дзяўчаты занялі 1-ае месца на абласным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства і паспяхова выступілі на рэспубліканскім.
Вось якія мілыя і таленавітыя жанчыны працуюць у Бераставіцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі, якія не толькі выхоўваюць, але і ўласным прыкладам натхняюць падлеткаў на творчасць! Са святам Вясны вас, паважаныя!
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ,
фота аўтара