У нашых гаспадарках ёсць нямала людзей, якіх сапраўды можна назваць майстрамі “залатыя рукі”. І вельмі прыемна, калі такім старанным і па-сапраўднаму зацікаўленым у сваёй прафесіі ўмельцам з’яўляецца чалавек малады. У РУСП “Масаляны” з самага пачатку сваёй работы звярнуў на сябе ўвагу электрагазазваршчык Аляксандр Бірук. А прыехаў ён са Слонімскага раёна, закончыў прафтэхвучылішча ў Казлоўшчыне.
— На такіх людзях гаспадарка трымаецца, — гавораць пра яго тут. – Работа электрагазазваршчыка незаменная пры рамонце тэхнікі і абсталявання. Ён займаецца зварачнымі работамі на жывёлагадоўчых аб’ектах.
Аляксандр – чалавек дасціпны. Калі б, жартам кажучы, ацэньвалі яго працу па дзесяцібальнай шкале, атрымліваў бы адны дзясяткі.
Вядома, у РУСП “Масаляны” робяць усё, каб утрымаць такія кадры. Аляксандру далі дом. Зразумела, што сямейны чалавек ад такога добрага жылля ўжо нікуды не паедзе. Наколькі камфортней людзям у сельскай мясцовасці, чым у дварах шматпавярховых дамоў у гарадах. Які б не быў там дагледжаны двор нават з адмысловай дзіцячай пляцоўкай, а ўсё ж адчуваецца, што гэта “не сваё”. Чалавек выбраў вёску і не шкадуе. А калі ў яго душа спявае, будзе і аддача.
Ніна Наддэ