“Лічбы патрабуюць павагі…”

Лента новостей

Гісторыя ўзнікнення лічбаў сваімі глыбокімі каранямі ўваходзіць у той далёкі і незапамятны час, калі чалавек здабываў сабе ежу паляваннем і збіраннем таго, што здолеў знайсці на ўлонні маці-прыроды. Прадстаўніцы адной з самых дакладных прафесій, бухгалтары КСУП “Малабераставіцкі элітгас” Ірына Стубеда, Валянціна Летка і Валянціна Маслоўская ўжо прыкладна па два дзясяткі гадоў у гэтай запатрабаванай і адказнай прафесіі. Лічбы, вобразна кажучы, сапраўды “іх хлеб”. Кожны працоўны дзень мець з імі справу, а таксама гадамі выконваць даволі “аднастайную” работу, ці не сумна гэта?

— Лічбы патрабуюць павагі, — коратка і ёмка выказала агульнае меркаванне пра іх надзённы занятак Ірына Стубеда. – Работа з лічбамі – гэта зусім не сумна. Я і ў школе любіла матэматыку, мяне прываблівалі дакладныя навукі. Там усё канкрэтна, як і ў нашай рабоце. А яшчэ ў школе вельмі любіла шыць. Такую прыгожую сукенку пашыла, з валанам, што ўсім спадабалася. Пасля заканчэння школы ўладкавалася на швейную фабрыку ў Гродна. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Гродзенскім аграрным універсітэце, з той пары і працую ў нашай гаспадарцы бухгалтарам. У полі зроку ў мяне – раслінаводства ад сяўбы да ўборкі ўраджаю. Мне гэта цікава. У нас добры дружны калектыў.
А шыць Ірына любіць і зараз, толькі гаворыць, што сёння ў гэтым ужо няма такой пільнай патрэбы, як раней. Галоўным поспехам у жыцці жанчына лічыць тое, што ў яе работа па душы і ёсць дзве любыя дачушкі. Старэйшая дачка пайшла ў навуку, яна аспірант у Мінску. А малодшая пакуль вучыцца ў школе, яна яшчэ толькі думае пра тое, кім быць.
А Валянціна Летка займаецца ўлікам запчастак, мінеральных угнаенняў, сродкаў аховы, іншых матэрыяльных каштоўнасцей. Пасля заканчэння школы і гандлёвага вучылішча спачатку працавала прадаўцом, але таксама захацела вучыцца далей, закончыла Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Валянціна ўспамінае свой першы дзень, калі ўжо стала працаваць бухгалтарам:
— Спачатку было цяжка. Мне ўсё растлумачвалі старэйшыя калегі. Потым ужо стала лягчэй. Наша работа не “руцінная”, яна цікавая. Калі дапусціш памылку, дык потым усё роўна яе знойдзеш. У гэтым ёсць свой “плюс”. У нашай прафесіі трэба быць вельмі ўважлівым і дасціпным.
У Валянціны два сыны, адзін ужо самастойны, працуе майстрам вытворчага навучання ў каледжы ў Гродне. А ў вольны час жанчына любіць чытаць. Гаворыць, што яе любімы аўтар – Іван Шамякін. Валянціна выказвае шчырае шкадаванне, што маладыя зараз менш сталі гаварыць на беларускай мове, а яна такая прыемная і мілагучная. У той жа час жанчына адзначае, што калегі яе з задавальненнем ужываюць роднае слова. І гэта вельмі радуе, стварае прыемны мікраклімат.
Стаж бухгалтара Валянціны Маслоўскай таксама прыкладна 20 гадоў. Яна займаецца ў КСУП “Малабераставіцкі элітгас” асноўнымі сродкамі, якія знахо­дзяцца на балансе, перадачай звестак у іншыя арганізацыі, напрыклад, па страхаванні. Пра пачатак свайго працоўнага шляху ўспамінае, што тады нават да камп’ютара дакрануцца страшна было, здавалася, што гэта вельмі складана. Жанчына таксама задаволена, што ў яе такая запатрабаваная і адказная прафесія, і яна стараецца выконваць усё, як мага лепш. Для сямейнага бюджэту прафесійныя веды таксама шмат даюць. Планаванне і разлік вельмі важныя. У жанчыны ўжо ёсць унук, адна дачка яе педыятр, а другая – педагог. А галоўным у жыцці Валянціна лічыць “людзьмі звацца”, каб людзі захоўвалі дабрыню і шчырую павагу адзін да аднаго.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *