Лінія жыцця Яўгена Станкевіча

Лента новостей

IMG traktorАмаль у кожным працоўным калектыве ёсць людзі, якія не імкнуцца да высокіх чыноў і адказных пасад, а спакойна выконваюць даручанную ім работу. Як гэта нярэдка здараецца, іх адсутнасць не выклікае асаблівых  нязручнасцей. Мой суразмоўца з ліку такіх людзей, але са значным выключэннем.

Нарадзіўся Яўген Уладзіміравіч Станкевіч у 1945 годзе ў вёсцы Хмеліска. У 13 год застаўся круглым сіратой. Выхоўвала яго цётка, якую, дарэчы, ён дагледзеў да апошніх дзён.
— Колькі сябе помню, — гаворыць Яўген Уладзіміравіч,- мяне цікавілі механізмы. Я хацеў ведаць, з чаго і як яны зроблены, як працуюць, і што з іх дапамогай можна зрабіць, акрамя іх асноўнага прызначэння.
Здавалася б, юнаку трэба было паступаць у тэхнічны інстытут, ці тэхнікум. Але гэтага не здарылася, хаця “інжынерам” ён усё-такі стаў. Перад прызывам у войска, у 1964 годзе, як большасць юнакоў таго часу, Яўген скончыў школу ДТСААФ і атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля. З гэтага часу і да канца працоўнай дзейнасці Станкевіч не пакідаў “баранку”. Пасля дэмабілізацыі ён працаваў вадзіцелем спачатку ў пракуратуры, а потым, з 1973 года, у РАУС.
І вось тут самы час расказаць аб тым выключэнні, якое адрознівала, ды, пэўна, і цяпер адрознівае яго ад іншых. Гэта ў наш час у міліцыі параўнальна многа аўтатранспарту, а ў 70-ыя гады было толькі два аўтамабілі. Хаця патрэба ў іх была не меншая, чым цяпер. Тым не менш ва ўмовах пастаяннай занятасці, адсутнасці запчастак і рамонтнай базы заўсёды заставалася актуальным пытанне, як забяспечыць бездакорную і паўсядзённую работу тэхнікі. Невядома якім па ліку пачуццём Яўген Уладзіміравіч вылічваў той вузел, які можа падвесці, і не чакаў, пакуль ён адкажа, а дзейнічаў на апярэ­джанне.
Акрамя аўтамабіляў у той час у РАУС было пяць ці шэсць матацыклаў. І не ўсе супрацоўнікі, за якімі яны былі замацаваны, умелі, ці мелі час, за імі даглядаць, як належыць. І тут не абыходзілася без Станкевіча. Асабліва напярэдадні тэхагляду Уладзіміравіча “рвалі” на часткі. “Інжынер” — так паважана назвалі супрацоўнікі свайго таварыша. Аднаму ён даваў практычную параду, другому прапаноўваў неабходныя вінцікі і гаечкі, трэцяму, закасаўшы рукавы, сам аказваў практычную дапамогу.
Акрамя ўсяго гэтага, як і ўсе міліцыянеры, яго далучалі да нясення патрульнай службы, суправаджэння арыштаваных, выезду на месцы здарэння. І тут Станкевіч, валодаючы выключным практычным мысленнем, дапамагаў аператыўным супрацоўнікам. Не раз ён звяртаў увагу маладых аператыўнікаў, на, здававалася б, незначныя дэталі, якія потым адыгрывалі значную ролю ў раскрыцці злачынстваў.
Размаўляю з былым саслу­жыўцам у двары яго ўтульнага дома. Дагледжаны падворак, акуратныя надворныя пабудовы, шмат тэхнікі.
— Амаль усё гэта зроблена сваімі рукамі, — заўважае Яўген Уладзіміравіч. — А станкі адноўлены практычна з металалому. Трактар зрабіў, і не толькі сабе, а і сыну сябра.
Размову працягваем на верандзе, зручна уладкаваўшыся на зноў жа ладнай самаробнай лаўцы.
— На працягу службы,- працягвае калега, я меў прапановы і на афіцэрскія пасады. Але не гэта галоўнае. Людзі праўду кажуць, што не месца красіць чалавека. Я лічыў і лічу да цяперашняга часу, што ў кожнага павінна быць свая жыццёвая лінія, якая часткова “спраектавана” нам зверху. Але яе асноўную частку чалавек павінен вывесці сам. І павінна яна быць не вельмі тлустая, без асаблівых вывертаў і загагулін. І тады ніколі не сорамна будзе глядзець у вочы акружаючым.
Кастусь Богуш,
былы супрацоўнік, член
савета ветэранаў Бераставіцкага РАУС



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *