Лёсу яе палатно

Лента новостей

У кожнага чалавека ў жыцці бываюць гора і радасць, будні і святы, падзенні і ўзлёты, цяжкасці і здабыткі. На тое яно і жыццё, простым быць не можа, як і лёгкага хлеба ў ім не бывае. І  ў кожнага з нас ёсць свае звычкі,  каштоўнасці,  прыярытэты, якім аддаеш перавагу і ў выніку “пажнеш лёс”.
Пра заатэхніка –селекцыянера СВК “Цецяроўка” Марыю Ка-сіянік у гэтай гаспадарцы ад лю-дзей я чула толькі добрае. Сказаць папраўдзе, так не заўсёды бывае. Па роду свайго занятку і ў сілу сваёй прафесіі мне часта даводзіцца сустракацца з людзьмі. Гэта цікава, таму што кожны раз новае знаёмства з нейкім адметным чалавекам – знаходка. Але  не раз бывала, што “зрываўся”, здаецца, ужо гатовы і ў думках амаль напісаны матэрыял таму, што меркаванні лю-дзей пра “героя” былі супярэчлівыя. Дахо-дзіла нават да кур’ёзаў, выказванняў кіраўнікоў  накшталт: “Ах, сам дык ён —  чалавек харошы, і работнік выдатны, але няма як пра яго пісаць, бо ў яго жонка вельмі п’е”.
У нашым жа сённяшнім выпадку Марыя Канстанцінаўна —  гераіня амаль ідэальная, таму што ідэальных увогуле не існуе. Такую павагу заслужыць трэба было. І адной з самых галоўных прыступак да яе была працавітасць, пачатак якой закладзены  ў дзяцінстве ў звычайнай сялянскай сям’і. Якая ж сям’я без карміцелькі – сваёй кароўкі? І для дзяўчынкі гэта была  радасць – умець добра падаіць, папасвіць, дагледзець, палашчыць  сваю красуню. Таму і пасля Ваўкавыскага саўгастэхнікума, калі вярнулася ў родныя мясціны ўжо дыпламаваным спецыялістам і выйшла замуж, нарадзіла дзяцей, Марыя трымала сваю кароўку. Гэта было не так і проста, кватэру далі на другім паверсе, але гаспадарчыя пабудовы былі. Дзеці любілі духмяны сырадой. 
Заатэхнік-селекцыянер зацікаўлена ў выніках сваёй работы. Кажа, што нельга параўнаць 1983 год, калі пачынала працаваць, і сённяшні час, настолькі навука пайшла наперад, палепшылася прадуктыўнасць жывёлы. Для асемянення кароў выкарыстоўваецца генетычны матэрыял галандскіх быкоў. Цяляты пародзістыя, прыгожыя, люба глянуць.
— У тым, што за 7 месяцаў гэтага года валавы надой на малочнатаварным комплексе “Кватары” узрос у параўнанні з леташнім такім жа часам на 120%, ёсць і  важкая заслуга Марыі Канстанцінаўны, — гаворыць старшыня СВК “Цецяроўка” Віктар Аляксандравіч Піўко. – Яна добрасумленны і адказны работнік, ведае сваю справу. Усе разам мы будзем старацца павялічыць эфектыўнасць вытворчасці. Для гэтага зроблена шмат – поўнасцю завершана рэканструкцыя комплексу,  абсталяваны выгул і манеж для кароў, агароджана і добраўпарадкавана тэрыторыя. Вытворчасць вядзецца па новых сучасных тэхналогіях. У гэтым годзе нарыхтавана 13 тысяч тон сянажнай масы высокай якасці, а увогуле, у нас ёсць двухгадовы запас кармоў.
Па худзенькай стройнай фігуры і маладому выгляду Марыі Канстанцінаўны і не скажаш, і нават не адразу паверыш, што ў яе трое дзяцей. А гэтым можна ганарыцца. Усіх яна добра выхавала, і старэйшыя ўжо “вылецелі з роднага гнязда”.  Сын – пагранічнік, вы-браў мужную прафесію, дачку захапілі камп’ютэры і яна вучыцца на праграміста, а малодшы дзевяцігадовы хлопчык – маміна ўцеха дома.
—  Відаць, усё ж нялёгка прыходзілася? Не расчараваліся ў прафесіі за столькі год? – задала я на развітанне Марыі Канстанцінаўне апошняе пытанне.
— Не! – прагучаў упэўнены адказ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *