Бухгалтар СВК “Пархімаўцы” Ала Гуштын (на здымку) жыве ў аграгарадку Пархімаўцы ўжо каля 35 гадоў. Пра тое, што звязала свой лёс з сельскай гаспадаркай, не толькі не шкадуе, але і вельмі гэтым задаволена.
— Я нарадзілася ў сельскай мясцовасці, у Зэльвенскім раёне, закончыла там сярэднюю школу, — расказвае жанчына. — . Мама ўвесь час працавала бухгалтарам у калгасе. Мая родная сястра таксама выбрала гэтую прафесію. Таму ў нас немалая ўжо дынастыя. Я, як і сястра, таксама закончыла Ашмянскі тэхнікум.
Але каб быць паспяховым спецыялістам у такой дакладнай прафесіі, трэба мець да яе здольнасці, адзначаю я.
— Так, згаджаецца мая субяседніца. – У школе я любіла матэматыку, фізіку. Мне гэта вельмі прыгадзілася, калі паступіла ў тэхнікум. Я паступала пасля дзесяці класаў і трапіла ў такую групу, дзе мне прыйшлося потым здаваць тры прадметы экстэрнам. Дык я іх літаральна сама і вывучыла. На заняткі хадзіла і самастойна шмат рыхтавалася, і здала. Але прыйшлося да многага даходзіць “сваім розумам”, вельмі спатрэбілася лагічнае мысленне.
Вучыцца Але было няпроста. Але хто лянуецца назапашваць веды, ніколі не будзе добрым спецыялістам.
Успамінае жанчына і такі цікавы выпадак. Адзін раз на экзамене дзяўчына забылася патрэбную формулу, але выйшла са становішча праз выдатнае веданне матэматыкі, прымяніўшы зусім іншы, нечаканы спосаб. Выкладчыца пахваліла за гэта кемлівую студэнтку.
А на Бераставіччыну Ала прыехала маладым спецыялістам. Спачатку ў Пархімаўцах ёй не вельмі спадабалася, бо далёка было ездзіць дадому, да бацькоў на Зэльвеншчыну, але паступова дзяўчына прывыкла.
— Зараз, праз столькі гадоў мне ўсё тут падабаецца, — усміхаецца мая субяседніца.
– Замуж тут выйшла за мясцовага хлопца, кватэру нам далі трохпакаёвую. У горад не хачу, лёсам сваім задаволена. А за гэты час прыйшлося мне папрацаваць і ў жывёлагадоўлі, напрыклад, па просьбе старшыні загадчыкам свінафермы, але потым цяга да сваёй “роднай прафесіі” перамагла.
Ала Іванаўна працуе бухгалтарам па жывёлагадоўлі.
— Галіна гэтая складаная, — канстатую. – Ці цяжэй зараз стала там спраўляцца?
— Вядома, — згаджаецца Ала Іванаўна. – Зараз жа стала больш справаздач, рознай дакументацыі. Раней было намнога лягчэй.
Вопытны бухгалтар бачыць развіццё важнай галіны ў лічбах, як у люстэрку. Яна і падказвае часам, на што трэба звярнуць увагу іншым спецыялістам, каб жывёлагадоўля дынамічна развівалася.
Але не заўсёды бывае ўсё гладка, таму што поспех у аграрным сектары залежыць ад многіх фактараў. Гэта і своечасовае скарачэнне выдаткаў, і строгае захаванне тэхналогій, і старанне ўсяго калектыву. Быццам звязаныя адным ланцужком, павінны ўносіць свой уклад у дабрабыт гаспадаркі людзі розных прафесій, старацца, каб вынік быў аптымальны. І нават гэта не гарантуе абсалютны поспех, бо змяняюцца эканамічныя ўмовы, растуць цэны. Здараецца, што дыспарытэт цэн на энерганосьбіты і сельгаспрадукцыю вельмі адчувальны, тады трэба быць вельмі эканомнымі і ўвішнымі гаспадарамі, укладваць сродкі прадумана і эфектыўна. Менавіта павышэнне эканамічнай эфектыўнасці з’яўляецца тым “рухавіком”, ад якога залежыць і павышэнне ўзроўню жыцця людзей. Здаецца, прагрэс пайшоў наперад, выручаць сучасныя тэхналогіі вытворчасці. Але без клапатлівых і працавітых чалавечых рук, прадуманага гаспадарання яны не дадуць аптымальнага эфекту.
Бухгалтар у любым сельгаскааператыве зараз – чалавек вельмі загружаны. З вялікай нагрузкай дапамагае гэтай жанчыне спраўляцца багаты вопыт. Такіх спецыялістаў цэняць у аграрным сектары. Яны яго сапраўдны “касцяк”.
У сям’і Алы Іванаўны выраслі двое дзяцей. І дачка яе вывучылася на бухгалтара, а тое, што людзі нясуць далей прэстыж прафесіі, гаворыць аб тым, што яна ім па душы. Гэта вельмі важна, калі занятак, які дае чалавеку хлеб надзённы, яму па спадобы. Тады будзе і добры бадзёры настрой, і адпаведная аддача.
А сын гэтай жанчыны закончыў прафесійна-тэхнічнае вучылішча, таксама атрымаў запатрабаваную прафесію. Дзеці Алы Іванаўны ўжо маюць свае сем’і. У яе падрастаюць чатыры ўнукі, яе з мужам вялікая радасць і ўцеха. Добра, што жывуць дзеці і ўнукі ў Бераставіцы, ездзіць далёка не трэба, што вельмі радуе.
А ў вольны час любіць руплівая жанчына займацца ўчасткам, папрацаваць на зямлі, бо ў свекрыві дом у Пархімаўцах. Хто з вяскоўцаў застанецца раўнадушным да ўласнага райскага куточка, дзе можна падыхаць водарам кветак? Да гэтага ў нашых землякоў ляжыць душа, і не толькі ў тых, чые адвечныя карані тут. А яшчэ любіць бухгалтар чытаць. Бо не толькі “ў сухіх лічбах” бачыць яна своеасаблівую прыгажосць і гармонію, але і прывабліваюць яе цікавыя кнігі, напрыклад, па гісторыі.
— А пра каханне любіце чытаць?- задала субяседніцы пытанне на развітанне.
— Вядома! – быў адказ. – Якая жанчына не любіць чытаць пра каханне? Яно дае радасць, адкрывае сэрцы, на ім трымаецца цэлы свет. Няхай усім шанцуе яго сустрэць.
Безумоўна… Шчаслівы той чалавек, у каго ёсць любімая работа, моцны тыл, і чый род дае новыя парасткі.
Ніна Наддэ, фота аўтара