Ніна Нікіфараўна Давыдзік з вёскі Айцова ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяціла Айцоўскаму спіртзаводу. Маладой дзяўчынай яна прыехала сюды на працу і з гэтага ж завода пайшла на заслужаны адпачынак. І хоць сёння яна шмат гадоў як не працуе на прадпрыемстве, але родны завод у яе заўсёды перад вачыма – дом Ніны Нікіфараўны стаіць якраз насупраць яго. “Малю Бога, каб завод не закрылі, каб ён як мага даўжэй дзейнічаў, бо пакуль ён працуе, наша вёска яшчэ жывая, я хоць людзей бачу, бо ў Айцова мясцовых жыхароў зусім мала засталося, а я дык тут, ля завода, і зусім адна”, — на такой трохі сумнай ноце мы пачынаем сённяшнюю размову з маёй субяседніцай.
Ніне Нікіфараўне 84 гады, яна сустракае мяне, адклаўшы на час хатнія нарыхтоўкі, якімі яна, нягледзячы на паважаны ўзрост, яшчэ займаецца.
— Белы наліў якраз паспеў, частуйцеся, — прапаноўвае яна яблыкі са свайго саду, — буду варэнне варыць.
Яна запрашае мяне ў дом, сарамліва папраўляючы на хаду халат, відаць, што да ўвагі з боку журналістаў яна не прывыкла. Але тым не менш, ахвотна згаджаецца расказаць аб сваім жыцці, аб выпрабаваннях, якія сустрэла ў ваенным дзяцінстве, аб сваёй жаночай і мацярынскай долі і Айцоўскім спіртзаводзе, які стаў адзіным месцам яе працы…
Нарадзілася Ніна Давыдзік (у дзявоцтве Шчарбакова) у 1936 годзе ў вёсцы Навасёлкі, недалёка ад Оршы. Маці яе памерла, калі дзяўчынцы ішоў чацвёрты год.
— Бацька хутка ажаніўся, узяў жанчыну з дзіцём, яе сын быў на год старэйшы за мяне, — расказвае Ніна Нікіфараўна. — Бабуля, маміна маці, вельмі перажывала, што мачыха мяне будзе дрэнна даглядаць, і часта забірала мяне да сябе, у вёску Якаўлевічы. А бацька жыў у Пустыньках.
Калі пачалася вайна, мне было пяць гадоў, я не вельмі добра памятаю гэты час, вядома ж, была зусім малой, помню толькі, што жыла то ў бацькі, то ў бабулі, Уліты Фёдараўны. У бабулі ў Якаўлевічах была вялікая хата, пяцісценка яе называлі. Яна была вельмі набожнай жанчынай, памятаю іканастас быў дома вялікі ў святліцы. Дык вось гэтую святліцу немцы забралі пад свой штаб. І калі яны збіраліся там, то нас з бабуляй праганялі на вуліцу ці ў хлеў, а ў астатні час мы жылі ў другім пакоі. Ад нашай хаты ў суседнюю, дзе быў цэнтр радыёсувязі, ішло шмат правадоў, як нітак у кроснах. А яшчэ ў адной хаце, дзе жыла ўдава з сынам, пастаянна размяшчаўся нямецкі салдат, і мне трэба было кожны дзень адносіць яму літар малака ў жалезным кубку, бо ў бабулі была карова. Ён часамі даваў мне некалькі кусочкаў цукру, тады мы з бабуляй пілі чай, яна вельмі любіла гэты занятак, ёй нават у маладосці ў пасаг самавар уключылі. Бывала, прыйдзем з лазні з бабуляй і за вечар самавар чаю вып’ем.
Немцы ў нашай хаце не жылі, яны толькі час ад часу там збіраліся. Нас асабліва яны не рушылі, толькі часам казалі: “Вэк! Вэк!” У бабулі было трое сыноў і дачка, мая маці. Два яе малодшыя сыны пайшлі на фронт, дык вось нехта данёс немцам, што яны ў Чырвонай Арміі. Мы аднойчы вярнуліся дадому, а ў нас усё ўверх дном перавернута, а на гарышчы лён ляжаў, каб цяплей дома было, дык яны рукамі і яго перабралі. Тады немец казаў бабулі: “Матка, каб хоць адзін патрон, нават гнілы, знайшлі, вас адразу б расстралялі”.
Вёска Якаўлевічы была досыць вялікая, двароў больш за 50 было, немцы прызначылі там свайго старасту. Аднойчы ўсю вёску сагналі ў роў, хацелі расстраляць. Але потым адпусцілі. Казалі, што стараста нас усіх выкупіў – дамовіўся з немцамі, што па пуду збожжа з дому прынясём. А другі раз хацелі спаліць вёску, ужо выганялі ўсіх з хат. Казалі, што недалёка ад нас каля лесу знайшлі забітага нямецкага салдата, але стараста і ў гэты раз выратаваў вёску, тлумачыў, што нашы людзі туды, да лесу, не ходзяць.
Магчыма, дзякуючы яму немцы нікога ў вёсцы і не забілі за час акупацыі, а вось калі прыйшлі рускія, то старасту нашага адразу расстралялі, ніхто не стаў разбірацца, раз ён служыў немцам.
Помню яшчэ эпізод, калі я была дома ў бацькі. Там каля хаты быў пограб, і на ноч усе хаваліся туды, бо часта здаралася бамбёжка. У 1942 годзе ў бацькі нарадзіўся другі сын, ад мачыхі. Дык вось ён схапіў гэтага малога, мачыха — свайго сына і пабеглі ў пограб, а я засталася ў хаце. Потым бацька вярнуўся за мною, мы ішлі, як у якім агні, усё навокал было чырвоным, неба і зямля палала, я цяпер думаю, што тады, напэўна, якраз бамбілі Аршанскі чыгуначны вузел і Балбасаўскі аэрадром, які праз лес знаходзіўся. У наш агарод тады бомба трапіла, вялікая яма была.
У суседняй вёсцы, яе называлі Рабочы пасёлак, знаходзілася шарсцяная фабрыка, пабудаваная яшчэ да рэвалюцыі. Дык вось людзі казалі, што пры немцах вярнуліся яе былыя ўладальнікі. Потым, калі немцы адыходзілі, фабрыку разбамбілі: мужыкі казалі, што гэта сын былых уладальнікаў фабрыкі спецыяльна яе разбамбіў, каб нікому больш не дасталася, ад яе рассталіся толькі руіны.
Самога вызвалення я не памятаю, помню толькі, як у вёску ўвайшла калона матацыклістаў і людзі крычалі: “Нашы ідуць! Нашы!”
У 1944 годзе Ніна пайшла ў школу ў вёсцы, дзе жыў бацька, а праз год яе канчаткова забрала да сябе бабуля. Там, у Якаўлевічах, дзяўчына скончыла школу, потым спрабавала паступіць Аршанскае медвучылішча, але няўдала. Тады бабуля ўгаварыла свайго малодшага сына, які быў дырэктарам Айцоўскага спіртзавода, забраць яе да сябе. Тут Ніна некаторы час працавала касірам на заводзе, а потым атрымала накіраванне і паехала вучыцца ў Мінскі тэхнікум брадзільных вытворчасцей.
Пасля трэцяга курса яе з сяброўкай адправілі на пераддыпломную практыку на завод у Мічурынск Варонежскай вобласці. Там гаспадыня, у якой дзяўчаты жылі на кватэры, пазнаёміла Ніну са сваім пляменнікам Пецем. Маладыя сталі сустракацца, потым, калі Ніна вярнулася ў Мінск, перапісваліся амаль год. А пасля абароны дыплома Пеця прыехаў і забраў яе да сябе, у Расію, там яны пажаніліся. Але нядоўгім было іх сямейнае жыццё, нават год не пражылі разам. І хоць мінула ўжо столькі часу, Ніна Нікіфараўна і цяпер не вельмі хоча гаварыць аб гэтым.
— Пажыла я з ім толькі да дэкрэту, а потым вярнулася да бабулі, — уздыхае яна. — Там нарадзіла сына, а праз 9 месяцаў бабуля зноў папрасіла свайго сына, Кірыла Кулінкіна, які быў тут дырэктарам, каб забраў мяне да сябе на завод у Айцова, тым больш, што сюды я была накіравана і пасля вучобы. Так з 1960 года я прыехала і засталася ў Айцова назаўсёды, стала працаваць тэхнолагам на спіртзаводзе.
У той час на заводзе працавала чалавек 50, калі не болей, ужо дакладна не памятаю. Тады мы працавалі ў чатыры змены, а на кожнай змене было па 8-9 чалавек, а яшчэ ў канторы людзі працавалі, вадзіцелі.
У той час завод выпускаў толькі спірт-сырэц. На перапрацоўку ішла, у асноўным, бульба і буракі, якія крыху падмарожаныя былі, а на солад накіроўвалі і сорга, і пшаніцу, і жыта, і ячмень. Усе палы ў падвалах тады былі закладзены соладам — гэта прарошчанае зерне, якое мочаць на суткі, а потым яшчэ трое прарошчваюць, — тлумачыць Ніна Нікіфараўна. – Гэты солад ляжаў на падлозе, і яго трэба было пастаянна варочаць, за змену не менш, як два разы. Бо ён награваецца, і калі ў час не павернеш, то храсткі дываном сплятаюцца, потым рукамі трэба ўсё пераціраць, каб разарваць гэты дыван.
Я хоць і лічылася тэхнолагам, але, можна сказаць, што займалася і ўсёй чорнай работай: у мыйцы завал – іду дапамагаць, на соладзе завал – іду туды, ботаў мы цэлы дзень не здымалі, вельмі цяжка было працаваць.
Ніна Нікіфараўна і цяпер дакладна памятае увесь тэхналагічны працэс на заводзе:
— Спачатку прывозяць бульбу, запаўняюць ёй бункер і мыюць, затым яна трапляе ў разварнік, дзе гэтая бульба пад парам варыцца, потым яе пад ціскам ад 3 да 6 атмасфер выдуваюць у спецыяльны кацёл, ахалоджваюць да патрэбнай тэмпературы і дабаўляюць гатовы солад. На заводзе спецыяльная драбілка была, дзе солад перамолвалі, рабілі з яго малачко. Дык вось звараная бульба ацукрываецца, да 22-23 градусаў ахалоджваецца і затым гэта маса па трубах накіроўваецца ў брадзільны цэх, там у цыстэрнах да трох сутак ідзе працэс браджэння. Потым брага насосам падаецца на апарат перагонкі, што знаходзіцца ў вежы, там з яе збіраецца спірт. У суткі мы давалі ў сярэднім з чана па 10 дэкалітраў спірту, а чанаў у той час на заводзе было шэсць.
Потым, расказвае Ніна Нікіфараўна, гэты спірт-сырэц адкачвалі і забіралі на тыя заводы, дзе рабілі спірт-ратыфікат, такія заводы былі ў Злобаўшчыне, Парэччы, Падароску, Баярах і многіх іншых месцах.
— Калі я прыехала сюды, мне далі вугалок у гэтым чвараку, — паказвае у бок былой казармы Ніна Нікіфіраўна. – Пакойчык быў два на тры метры, печачка невялікая, ложак, каляска для сына і ў вуглу вядро з вадой і маленькі столік, а прымус для гатавання ежы ў калідоры ставіла, бо месца не хапала, як праціснуцца было ў тым пакоі, дзе мы разам з сынам жылі. Яму тады 9 месяцаў было, як мы прыехалі сюды. Праз калідор у такім жа пакойчыку жыла бабулька, Дуняй яе звалі, дык вось з ёй я і пакідала свайго Сашу, а сама ішла на завод. Год дзесьці жыла ў гэтым пакоі, потым далі ў іншым доме пакой з кухняй, я тады ўжо другі раз выйшла замуж.
Пра знаёмства са сваім другім мужам, Уладзімірам Давыдзікам, Ніна Нікіфараўна гаворыць з усмешкай і жартуе, што гэта гісторыя магла б быць сюжэтам для рамана. Валодзя працаваў шаферам на Айцоўскім спіртзаводзе, упершыню яны пазнаёміліся, калі Ніна прыязджала сюды яшчэ перад паступленнем у тэхнікум. Потым, у час яе вучобы, ён прыязджаў з дырэктарам Кулінкіным у Мінск, часам яны спыняліся ў яе на кватэры. Ніна яму вельмі спадабалася, ён выказваў ёй знакі ўвагі, казаў, што будзе яе чакаць, усё роўна ж яна пасля вучобы прыедзе на завод працаваць. Але ў той час дзяўчына была закаханая ў другога.
Наступная іх сустрэча адбылася ў Айцове, калі Ніна Нікіфараўна прыехала сюды з сынам. Валодзя да гэтага часу не ажаніўся, але ведаў, што яна выйшла замуж. А потым жонка Кулінкіна неяк сказала яму: ”Ну што, Валодзя, можаш радавацца, вярнулася наша Ніна з замужжа”. І калі Ніна Нікіфараўна прыехала ў Айцова, Валодзя адразу прыйшоў да яе, прыняў разам з сынам. Потым у іх нарадзілася яшчэ двое сыноў, Уладзімір і Анатолій.
— У 1972 годзе мы атрымалі гэты дом, — працягвае жанчына. — І то дзякуючы таму, што прыехала на завод жанчына з міністэрства, якая мяне ў тэхнікуме вучыла і спытала ў дырэктара: “Чаму вы спецыялісту не дасце кватэру?” А дзядзька баяўся, што людзі будуць крычаць, што сваёй пляменніцы кватэру першай выдзеліў, і ўсё казаў: “Ніна, пацярпі трохі”.
Вядома, у той час завод быў не такі, як цяпер. Тады кантора размяшчалася вось тут, у гэтым будынку, — паказвае Ніна Нікіфараўна. – З аднаго боку там быў клуб, з другога кантора. А ўжо потым пабудавалі новы адміністрацыйны будынак і клуб. Зусім іншае жыццё тут было, кіно круцілі, уся акруга да нас ехала сюды.
У 1986 годзе Айцоўскі спіртзавод на нядоўгі час закрыўся, потым ён змяніў уласнікаў, пачалі ўзводзіць спіртавую калону для вытворчасці чыстага спірту, новую кацельню пабудавалі
Ніна Давыдзік працавала на заводзе да 1998 года, ужо нават будучы на заслужаным адпачынку. За старанную працу была ўзнагароджана знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, яе імя было занесена на раённую Дошку гонару.
— Цяпер на заводзе працуюць новыя людзі, я стараюся да іх асабліва не лезці ў вочы, але больш-менш ведаю сітуацыю на заводзе, цікаўлюся ёю, — кажа на развітанне Ніна Нікіфараўна. – Выгляну на вуліцу, бачу, што людзі працуюць, часам зайду ў кантору, перакінуся з кім слоўцам. Усё жыццё прысвяціла гэтаму заводу, ён і цяпер застаецца часткай майго жыцця.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара і з сямейнага архіва Н.Давыдзік