У канцы лістапада на базе сярэдняй школы №36 г. Гродна з польскай мовай навучання адбыўся абласны конкурс чытальнікаў польскай паэзіі, арганізаваны Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, Галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і грамадскім аб’яднаннем «Саюз палякаў на Беларусі». Сёлета ён быў прысвечаны аб’яўленаму ў Беларусі Году малой радзімы. У конкурсе прынялі ўдзел 47 навучэнцаў II-XI класаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з 14 раёнаў вобласці, у тым ліку і два прадстаўнікі нашага раёна – навучэнцы Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы.
Кожны з удзельнікаў прадстаўляў па два вершы ці фрагменты на польскай мове, якія павінны былі адпавядаць наступнай тэматыцы: 220-годдзе з дня нараджэння ўраджэнца Навагрудчыны паэта Адама Міцкевіча і тэма роднай прыроды ў паэзіі.
Па выніках конкурсу вучаніца 10 класа Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Караліна Анджэеўская была ўзнагароджана Дыпломам II ступені. Падрыхтавала лаўрэата конкурсу настаўніца Алена Талочка.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара