Лыжка дзёгцю ў час падпісной кампаніі

Лента новостей

07Для нашай ”раёнкі”, як і для любога перыядычнага выдання, самае важнае – гэта нашы чытачы, дзеля якіх мы і працуем. Яны галоўныя спажыўцы нашай прадукцыі, слушныя крытыкі і дарадцы. Таму кожная падпісная кампанія з’яўляецца адказнай не толькі для паштовых работнікаў, але і для супрацоўнікаў рэдакцыі: мы таксама стараемся, каб сяброў у “Бераставіцкай газеты” не паменшала, а, наадварот, станавілася ўсё больш. Для гэтага перш за ўсё імкнемся зрабіць газету яшчэ больш цікавай людзям рознага ўзросту.

Вось і напярэдадні цяперашняй квартальнай падпіскі выданне павялічыла свой аб’ём: па суботах газета выходзіць не на васьмі, а на дванаццаці старонках. На такі крок рэдакцыя пайшла, вядома, дзеля сваіх чытачоў, стараючыся пашырыць тэматыку публікацый. Журналістаў рэдакцыі добра ведаюць ва ўсіх працоўных і навучальных калектывах раёна, у многіх сем’ях, а падчас падпісной кампаніі мы сустракаемся са сваімі чытачамі намнога часцей, чым звычайна. Разам са сталымі і маладымі сябрамі газеты абмяркоўваем, якія яшчэ характэрныя рысы яна павінна набыць. У такі адказны перыяд калектыў “Бераставіцкай газеты” цэніць вялікую, нялёгкую і скрупулёзную работу па падпісцы на выданне, якую праводзіць раённы вузел паштовай сувязі. Мы ўдзячны кіраўніцтву і ўсім паштовым работнікам за іх старанне, а пра станоўчы вопыт у плане падпіскі паштальёнаў расказваем на старонках газеты.
Аднак, як гэта ні прыкра, падчас маюць месца і факты, што негатыўна ўплываюць на плён сумеснай работы. На нядаўняй сустрэчы з падпісчыкамі ў вёсцы Карпаўцы гаворка пачалася са скаргі на стан паштовых скрынак.
– Давайце пройдзем да вулічнай развілкі, там самі ўбачыце, – прапанавалі мне вяскоўцы, папрасіўшы зрабіць і здымак.
Не лепшы выгляд паштовыя скрынкі мелі, як мне расказалі, і з часу іх устаноўкі, тры ці чатыры гады назад. Газеты пад дажджом і снегам замакаюць. А часцей за ўсё прападаюць. Адна падпісчыца, якая ўсё жыццё чытала раённую газету, расказала, што апошні раз выпісала яе ў першым квартале мінулага года. Чаму? Бо за ўвесь квартал у сваёй скрынцы знайшла толькі тры нумары газеты. Астатнія нехта забіраў можа чытаць, а можа дровы ў печцы падпальваць, хто яго ведае. Скрынкі ж не зачыняюцца. У тым самым канцы вёскі яшчэ чалавек сем, ці можа і болей, па гэтай жа прычыне адмовіліся падпісвацца на “раёнку”. Тыя ж, хто жыве бліжэй да скрынак, у больш зручным становішчы: яны бачаць, калі прыехала паштовая машына – а прыехаць яна можа ў розны час дня – адразу ідуць па сваю газету, пакуль яе не панёс ці не парваў вецер, або нехта не дастаў.
Сумна было слухаць, што даўніх сяброў раённага выдання ў Карпаўцах стала намнога менш.
Такая вось лыжка дзёгцю ў бочцы мёду. Сяльчане ў мінулым годзе звярталіся ў раённы вузел паштовай сувязі, скардзіліся на сваю праблему. А потым, калі яна так і заставалася невырашальнай, махнулі рукой. Вельмі хочацца спадявацца, што справа ўсё ж палепшыцца, і “раёнка” зноў будзе разам са сваімі ранейшымі падпісчыкамі.
Марыя Драпеза, загадчык аддзела сацыяльных праблем рэдакцыі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *