Кожны тыдзень на працягу лета на адкрытай сцэне амфітэатра гучала музыка. Сваімі творчымі дасягненнямі з жыхарамі і гасцямі пасёлка дзяліліся ўдзельнікі народных і ўзорных калектываў раёна, работнікі ўстаноў культуры і самадзейныя артысты Бераставіччыны. Канцэрты гэтыя набылі ўжо пэўную папулярнасць у бераставічан. Тым больш, што сёлета для гледачоў яны былі бясплатныя. А ў мінулую нядзелю летні амфітэатр “развітаўся” з мясцовымі прыхільнікамі песеннага мастацтва да наступнага музычнага сезона заключным гала-канцэртам лепшых выканаўцаў. Прагучалі найбольш адметныя, яскравыя нумары. аматараў духавой музыкі парадавалі ў чарговы раз удзельнікі ансамбля ўзорнага дзіцячага духавога аркестра “Tutti” Бераставіцкай ДШМ пад кіраўніцтвам Вадзіма Антоненкі. Выступаў народны ансамбль польскай песні “Стокроткі” Макараўскага ДНК. Узнёслую і цёплую атмасферу канцэрту надалі таксама і эстрадныя выканаўцы.
Лепшыя па выніках летняга канцэртнага сезона калектывы і асобныя выканаўцы будуць адзначаны і ўзнагароджаны падчас урачыстага сходу да Дня работнікаў культуры.
“Стокроткі”– на Днях польскай культуры ў Поразаве
Народны ансамбль польскай песні “Стокроткі” Макараўскага Дома нацыянальных культур пабываў з творчай паездкай у суседнім Свіслацкім раёне. Паразаўчане сустракалі шматлікіх гасцей на традыцыйных тут Днях польскай культуры. “Стокроткі” прынялі ўдзел у святочнай праграме “Сяброўства без межаў”, у прыватнасці, у канцэрце, дзе выступалі таксама калектывы і самадзейныя выканаўцы польскай песні з Польшчы, Ліды, Шчучына і Свіслацкага раёна. Наш ансамбль выступіў паспяхова, за што быў адзначаны дыпломам і каштоўным падарункам.
Святлана Ганчарова