Летняе чытанне з Алекшыцкай бібліятэкай

Культура Лента новостей

Наступілі доўгачаканыя летнія канікулы. Школьнікам можна расслабіцца і адпачыць ад урокаў, заняцца любімай справай, больш часу праводзіць з цікавай кніжкай.

У філіяле “Алекшыцкая сельская бібліятэка” цяпер настала “гарачая” пара. Вучні са спісамі літаратуры спяшаюцца па кнігі, каб за лета прачытаць і прааналізаваць кожны рэкамендаваны твор. Многія нават вядуць дзённікі аб прачытаных кнігах. Бібліятэкары стараюцца выканаць усе запыты сваіх чытачоў, але не ўсё ёсць у бібліятэцы. Тым не менш, літаратура, якой няма  ў наяўнасці, заносіцца ў картатэку “адмоў”, і потым гэта ўлічваецца пры камплектаванні фонду новымі выданнямі.

Але не толькі праграмнымі творамі цікавяцца дзеці. Сярод юных чытачоў ёсць аматары прыгодніцкай літаратуры і фантастыкі. Дзяўчынкі старэйшага і сярэдняга ўзросту цікавяцца раманамі і дэтэктывамі. Для іх, дарэчы, у бібліятэцы арганізавана кніжная паліца “Раманы для дзяўчынак”.

– Мы вельмі любім чытаць, – кажуць вучаніцы 6 класа Алекшыцкай сярэдняй школы, выдатніцы вучобы Маргарыта Карпач і Валерыя Пазняк (на здымку). – Часта наведваем бібліятэку і з задавальненнем прымаем удзел ва ўсіх мерапрыемствах, што тут ладзяцца.

Дзякуючы старшыні РСУП “Алекшыцы” Эдуарду Паўлюкевічу, які пастаянна выдзяляе фінансавыя сродкі, фонд дзіцячай перыёдыкі у нас вельмі разнастайны.

Сёння, з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі, у рабоце бібліятэкараў робіцца акцэнт на онлайн-фармат. Але гэта не перашкаджае юным чытачам наведваць бібліятэку, знаёміцца з выставамі, запісваць відэаролікі, удзельнічаць у гучных чытаннях.

У час летніх канікул Алекшыцкая сельская бібліятэка аб’явіла конкурс дзіцячага малюнка “Вясёлка лета”, у якім могуць прыняць удзел усе жадаючыя. Далучайцеся!

Зоя Хлебнікава, бібліятэкар філіяла “Алекшыцкая сельская бібіліятэка”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *