Лепшых жывёлаводаў узнагародзілі ў Бераставіцкім раёне

Лента новостей Сельское хозяйство

img_7801У рамках рэспубліканскай акцыі “Майстар-жывёлавод” нядаўна адбылося чарговае ўзнагароджванне лепшых жывёлаводаў. У СВК “Малабераставіцкі элітгас” пабываў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Апон.
Падзячным пісьмом упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК, а таксама грашовай прэміяй на малочнатаварнай ферме “Кулі” былі ўзнагароджаны аператары машыннага даення Людміла Якаўчук і Таісія Петрушэвіч, а таксама цялятніца Валянціна Буцько. У іх адрас былі сказаны самыя цёплыя словы старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімірам Апонам, намеснікам старшыні гаспадаркі па жывёлагадоўлі Міхаілам Болбатам, брыгадзірам Ганнай Бельмач.
А на малочнатаварнай ферме “Малая Бераставіца” быў адзначаны важкі ўклад цялятніц Галіны Стасюкевіч, Ларысы Віцецкай і Таццяны Данік. З узнагародамі працавітых жанчын, якія кожны дзень паляпшаюць дабрабыт гаспадаркі і сваёй сям’і, павіншавалі таксама старшыня СВК “Малабераставіцкі элітгас” Васіль Шчурскі і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Таццяна Жэнгелевіч.
Работа жывёлаводаў вельмі нялёгкая. Менавіта ад добрасумленнасці і адказнасці працаўнікоў залежыць добры вынік. І, безумоўна, у такой важнай галіне не можа працаваць чалавек раўнадушны да жывёлы. Утрымліваюцца тут толькі тыя, хто мае шчырую спагаду да “братоў нашых меншых”. На Бераставіччыне шмат такіх людзей, імі моцная наша зямля.

Ніна Наддэ, фота аўтара

На здымку: у час узнагароджвання на малочнатаварнай ферме “Кулі”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *