Лаўрэат абласнога фестывалю патрыятычнай песні

Актуально Лента новостей

18 лютага прайшоў традыцыйны абласны фестываль патрыятычнай песні. Ён праводзіцца з 1998 года Гродзенскім абласным камітэтам грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” сумесна з зацікаўленымі структурамі і прысвячаецца Дню абаронцаў Айчыны. Конкурс накіраваны на прапаганду лепшых узораў патрыятычнай песні, выяўленне таленавітых аўтараў і выканаўцаў, фармаванне грамадзянскай пазіцыі і патрыятычнае выхаванне маладога пакалення.
У гэтым годзе сваё творчае майстэрства на сцэне  дэманстравалі 58 удзельнікаў фестывалю з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці. Бераставіччыну на прэстыжным музычным конкурсе прадставіў Дзмітрый Пазняк, аграном участка СВК “Алекшыцы”.
Дзмітрый захапляецца музыкай з дзіцячых гадоў, і цяпер ён пастаянны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці як у сваім сельгаскааператыве, так і  на раённым узроўні. Нягледзячы на тое, што малады чалавек не атрымаў спецыяльнай музычнай адукацыі, ён піша музыку і вершы, ужо мае ўласныя песні. Гэта, як кажуць, дар ад Бога, і яму нельга навучыцца, ён альбо ёсць, альбо не. У Дзмітрыя ён, безумоўна ёсць, бо яго музычныя здольнасці не застаюцца незаўважанымі.
Яшчэ ў час вучобы ў Навагрудскім аграрным кале-джы ён прымаў удзел у абласным конкурсе “Арт-вакацыя” і заняў у ім другое месца. І вось чарговая прыемная перамога – на абласным фестывалі патрыятычнай песні ў намінацыі “Аўтар — выканаўца песні аб БРСМ” Дзмітрый Пазняк атрымаў ганаровае першае месца. Віншуем яго з гэтай перамогай і жадаем далейшых творчых поспехаў.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *