На працягу ўсяго дня на “Бераст-Фэсце” працуе “Купальскі кірмаш”- сапраўдны горад майстроў, дзе раскінуліся гандлёвыя рады, у якіх прадстаўлены вырабы народных майстроў з розных вугалкоў Беларусі. На свята ў Бераставіцу прыехала больш за 50 народных умельцаў, якія прадстаўлялі Брэст, Пінск, Гродна, Масты, Ваўкавыск, Ліду, Зэльву і іншыя мясціны. Шырокай была не толькі геаграфія ўдзельнікаў “Купльскага кірмашу”, але і спектр вырабаў, якія яны прывезлі да нас на свята.
Вырабы з дрэва, металу, лазы, саломкі, разьба па дрэву, ганчарныя вырабы, вышыванкі, цацкі, упрыгожванні – у рамесленых радах вочы разбягаліся ад разнастайнасці вырабаў і іх прыгажосці, якая сведчыць аб таленце майстоў.
Напрыклад, у Ігара Раманенкі з Мастоўскага раёна проста цудоўныя вырабы з дрэва. Гэтай справай ён займаецца усяго толькі трэці год, але прыгажосць яго вырабаў захапляе.
-На “Бераст-Фэсце” былі ў мінулым годзе, вельмі спадабалася, прыехалі зноў. Такія мерапрыемствы даюць магчымасць і сябе паказаць, і ўбачыць, чым іншыя таленавітыя людзі займаюцца. Спадзяюся, што і мае вырабы з дрэва таксама бераставічанам спадабаюцца, -гаворыць народны ўмелец.
На “Купальскім кірмашы” можна было не толькі ўбачыць і купіць сувенірную прадукцыю народных майстроў, але і нават павучыцца іх майстэрству. Народныя ўмельцы ахвотна дзяліліся сваімі сакрэтамі і нават праводзілі майстар-класы па традыцыйных відах рамёстваў.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара і Сяргея Хілюты