Купалле адзначылі ў першую суботу ліпеня ў аграгарадку Макараўцы

Лента новостей

< <Дзе шукаць папараць-кветку?
– высвятлялі ў суботу, 4 ліпеня, у арагарадку Макараўцы. Менавіта ў разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстарадаўнейшых народных святаў, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі. Спакон веку ў народзе павялося святкаваць купальскую ночку і адпраўляцца на пошукі таямнічай папараць-кветкі.
У аграгарадку Макараўцы правя­дзенне купальскага свята таксама стала ўжо добрай традыцыяй. Для жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак гэтае народнае гулянне – адно з самых любімых. Гаражане таксама едуць да сваіх родных, каб разам пасвяткаваць Купалле, адпачыць на свежым паветры ад шматлікіх турбот. Народу збіраецца заўсёды вельмі многа.
Сёлета гулянне наладзілі ў вёсцы Лішкі, на беразе жывапіснага азярца. Вечар выдаўся цёплым і прыемным.
Пачалося мерапрыемства з тэатралізаванага прадстаўлення. Гаспадары свята Купала з Купалінкаю запрашалі ўсіх прысутных да ўдзелу ў гульнях і конкурсах, за перамогу ў якіх, дарэчы, былі прадугледжаны прызы. Дзяўчаты пускалі на ваду вянкі і свечкі. Па змярканні запалілі купальскі касцёр, і, як у даўнія часы, моладзь сабралася ў карагод і заспявала абрадавыя песні.
Галоўныя героі свята частавалі ўсіх купальскімі стравамі. Частуючыся, людзі з задавальненнем слухалі выступленне мясцовых калектываў – народнага ансамбля польскай песні “Стокроткі”, жаночай вакальнай групы “Альтанка”, групы чарлізераў “Камета”, а таксама асобных выканаўцаў – Антона Бажко, Анастасіі Мартыш, Ганны Панасюк, Марты Канецкай, Наталлі Раткевіч, Ягора Скамейкіна, Дар’і Фарафонавай, Анастасіі Міхайлоўскай, Караліны Эйсмант, Анастасіі Манцэвіч, Івоны Ігнатовіч. Галоўныя ролі ў тэатралізаваным свяце выканалі Марына Праневіч, Уладзіслаў Бажко, Дар’я Швядко і Марта Канецкая. Вядучыя – Зоя Хлебнікава, Вікторыя Бажко і Артур Шмароўскі.
На купальскім свяце працавалі гандлёвыя кропкі, быў наладжаны продаж салодкай ваты і поп-корна, дзейнічалі дзіцячыя атракцыёны. Гасцей свята забаўлялі роставыя лялькі. Сапраўдным упрыгожаннем праграмы стала выступленне гурта фаер-шоў “Танец огня” з г.Гродна. Купальскае свята прадоўжылася дыскатэкай з гульнявой праграмай.
Па водгуках мясцовых жыхароў і гасцей аграгарадка мерапрыемства, у якім цесна перапляліся народныя традыцыі і сучаснасць, удалося. Прыемныя ўражанні і пазітыўны настрой яшчэ доўга захаваюцца ў памяці яго ўдзельнікаў, якія паспрабавалі “адшукаць” чароўную папараць-кветку. Асобная ўдзячнасць – старшыні СВК “Макараўцы” Алегу Макуліку і намесніку па ідэалагічнай рабоце кааператыва Алесе Капіца за арганізацыйную і фінансавую падтрымку свята. Алег Анатольевіч і Алеся Мікалаеўна разумеюць, што калі ў людзей настрой будзе пазітыўным, то і праца ў гаспадарцы будзе спорыцца.
Зоя Хлебнікава, бібліятэкар Лішкаўскай СБ,
Вікторыя Бажко, дырэктар Макараўскага ДНК
***
Свята Купалле адзначылі таксама ў аграгарадках Стары Дворац і Кватары.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *